Хойніцкія міліцыянты збілі бацьку на вачах дзяцей
Жыхар Хойнікаў Аляксей Шасцерык кажа, што міліцыянты яго збілі на вачах у жонкі і дзяцей, паведамляе тэлеканал "Белсат".
Мужчына кажа, што ён з дзецьмі вяртаўся ўвечары дадому і пабачыў, як міліцыянты складаюць пратакол на незнаёмага мужчыну. "Яму выпісалі пратакол і сталі затрымліваць за тое, што ён знаходзіўся ў нецвярозым стане", — распавядае Шасцерык.
Яму падалося дзіўным абвінавачанне, бо затрыманы цвёрда трымаўся на нагах, паводзіў сябе адэкватна, не лаяўся. Шасцерык паспрабаваў заступіцца за незнаёмца, і тады міліцыянты заявілі яму самому, што трэба праехаць у пастарунак. Там яны абяцалі скласці пратакол за адсутнасць флікера. Аляксей прапанаваў скласці пратакол на месцы і адмовіўся ехаць. Пасля гэтага ў міліцэйскую машыну яго пасадзілі сілай.
"Павалілі мяне на зямлю, парвалі куртку, разбілі губу, ужылі сілавы прыём, я ад болі крычаў, дзеці ўсё гэта бачылі. Ад страху апісяліся, крычалі таксама", — згадвае Шасцерык.
На крык прыбегла жонка Аляксея, але яе стрымалі міліцыянты і нават не давалі забраць дзяцей.
У пастарунку на Шасцерыка склалі адразу тры пратаколы: за адсутнасць флікера, супраціў міліцыянтам і ўмяшанне ў вядзенне адміністратыўнага працэсу. У яго таксама забралі тэлефон, на які мужчына запісваў усё, што адбывалася. Пазней тэхніку вярнулі, але ўжо з выдаленымі запісамі.
Ноч Шасцерык правёў у ізалятары часовага ўтрымання. Суд над ім зранку не адбыўся: суддзя адправіў справу на дапрацоўку.
У выніку інцыдэнту дзеці Аляксея ды Ірыны Шасцерык атрымалі псіхалагічную траўму, што пацвярджаецца медыцынскім заключэннем. Сам Аляксей даслаў запыт у пракуратуру, адкуль справу перанакіравалі ў Следчы камітэт. У выніку новых абставінаў разгляд справы працягнулі.