Хто і колькі заробіць на чэмпіянаце па хакеі?

На чэмпіянаце па хакеі ў Мінску чакаюць не менш за 15 тысяч заўзятараў. Падлічваем, колькі на гэтым змогуць зарабіць мінчане. Зняць кватэру, напрыклад, каштуе 70 долараў за суткі.

“У нас розныя кватэры. Ад 70 долараў за суткі і вышэй, залежыць ад ступені камфорту. Магу спытаць яшчэ у знаёмых, калі хочаце патанней”, — агучваюць кошты, калі звяртаемся па першай абвестцы.

Прапануюць жыллё на Мулявіна, у цэнтры горада.

Калі здымаць на ўсе два тыдні чэмпіянату, выйдзе 1000 долараў — нятанна, пры ўмове, што зняць аднапакаёўку на месяц у Мінску каштуе каля 400 долараў.

Паглядзець Мінск з вакна двухпавярховага аўтобуса — 200 тысяч за экскурсію.

“Мы з 8 траўня запускаем па 8 аўтобусаў за дзень. З 1 траўня ўжо турысты ёсць, у тры разы болей, чым раней. У асноўным — расіяне”, — расказваюць у турфірме “Дром-тур”, якая ладзіць экскурсіі па Мінску на двухпавярховых чырвоных аўтобусах.

Калі ў аўтобусе 60 месцаў, то за адзін рэйс можна зарабіць 1200 долараў. А за дзень амаль 10 тысяч! У плюсе і бары, асабліва з хакейнай трансляцыяй. Замовіць столік у пабе “Вобла” на адкрыццё і выхадныя ўжо складана.

“На адкрыццё адзін столік у нас застаўся, у суботу таксама ўсё занята, у будні, можа, нешта ёсць”, — расказваюць у пабе. Сярэдні чэк тут — у раёне 200 тысяч на чалавека.

На канцэртнай афішы да чэмпіянату заўважаем, што артысты “Малінаўка-компані”, “Лялькі карпарэйшн”, гурт “Бай-сіці” ды іншыя выступаюць некалькі разоў на тыдзень.

“Вядома, там не тыя расцэнкі, з якімі мы звычайна працуем, але ўсё добра, працуем. Нават думалі, што будзе больш жорстка”, — расказваюць у “Малінаўка-компані”.

Па інфармацыі Еўрарадыё, некаторым гуртам на канцэртах да чэмпіянату плацяць па 100 долараў на чалавека.

На чэмпіянат па хакеі прадалі ўжо 575 тысяч квіткоў. Самы танны квіток абыходзіцца ў 10 еўра. Але ёсць і квіткі, якія каштуюць 300 еўра.

Фота: by.tribuna.com/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі