Хто, калі не Фрэйзер?

Пасля не вельмі ўдалага выступлення зборнай Беларусі па хакеі на чэмпіянаце свету ў Маскве крэсла пад Куртам Фрэйзерам хістаецца. Адмыслоўцы сумняюцца ў тым, што камандзе патрэбен яшчэ адзін трэнер, які будзе кіраваць ёю па тэлефоне. Уладзімір Беражкоў, галоўны рэдактар газеты “Прессбол”, ускладае віну за сумную і бясплённую гульню беларускіх хакеістаў на галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай.

Уладзімір Беражкоў: “Я лічу, што Фрэйзер не тое, што зрабіў процьму памылак, а проста не адпрацаваў свае грошы. Фактычна, ён працаваў са зборнай толькі на этапе падрыхтоўкі, які пачаўся 5-га красавіка”.

Пры канцы красавіка беларускія хакеісты ў таварыскіх сустрэчах выйгралі ў зборных Славакіі і Славеніі, двойчы ўпэўнена перайгралі нарвежцаў і італьянцаў. Верылі ў тое, што ў Маскве каманда пад кіраўніцтвам Курта Фрэйзера здолее нават пераўзысці венскія дасягненні іншага замежнага адмыслоўца – канадца Глена Хэнлана. Але...

Уладзімір Беражкоў: “Гульцы пры поўнай самааддачы, пры тым, што яны выкладаліся і, уласна кажучы, паказвалі добры хакей – тое, што яны ўмеюць рабіць, – яны нічога не маглі зрабіць, таму што ім ілжывы задалі кірунак. Каманда гуляла ў такі валюнтарысцкі хакей – ляцела ў атаку, як кажуць, з шашкамі на танкі”.

Аптымальнай заменай Курту Фрэйзеру Уладзімір Беражкоў бачыць айчыннага адмыслоўца Міхаіла Захарава. Зараз Міхаіл Міхайлавіч трэніруе найлепшы беларускі клуб краіны – “Юнацтва-Мінск” – на хакеістах з якога базуецца галоўная каманда Беларусі.

Адмысловец ужо працаваў з нацыянальнай зборнай, але быў звольнены з гэтай пасады пасля таго, як у лютым 2005-га беларусы прайгралі матч латышам і “праляцелі” міма Алімпійскіх гульняў у Турыне.

Беларускія хакеісты, да якіх мы датэлефанаваліся, абмяркоўваць магчымых пераемнікаў Курта Фрэйзера адмовіліся. Усе памятаюць гісторыю Аляксея Калюжнага. Форварда омскага “Авангарду” ўжо другі год не выклікаюць у зборную праз тое, што ў яго “нязручны” характар.

З крытыкай трэнерскіх метадаў Курта Фрэйзера выступіў днямі галкіпер беларускай зборнай Андрэй Мезін, які пасля чэмпіянату свету заявіў пра жаданне скончыць спартовую кар’еру.

Аднак Эдуард Занкавец, адзін з асістэнтаў Курта Фрэйзера, лічыць, што, нягледзячы на не надта ўдалую гульню беларускай зборнай, амерыканскі адмысловец захавае сваю пасаду.

Эдуард Занкавец: “Курт Фрэйзер не рэалізаваў яшчэ сваіх магчымасцяў, таму я спадзяюся, што ён застанецца ў зборнай. Пераемнікам у выпадку яго адмовы мог бы стаць Глен Хэнлан”.

Такім чынам, хутчэй за ўсё, беларускую хакейную дружыну па-ранейшаму будуць трэніраваць замежныя адмыслоўцы. З аднаго боку, гэта добра. Па-першае, трэнеры са Злучаных Штатаў і Канады працуюць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі і маюць вялікі і карысны досвед, без якога нашым хакеістам складана змагацца з заакіянскімі канкурэнтамі. Па-другое, наступны чэмпіянат свету па хакеі адбудзецца ў Канадзе, на радзіме Глена Хэнлана.

Аднак ёсць у гэтага медаля і адваротны бок. Працягвае Уладзімір Беражкоў:

Уладзімір Беражкоў: “Рашэнні кіраўніцтва нашай хакейнай федэрацыі шмат у чым інстынктыўныя. Яны прымаюцца на эмацыйным узроўні. Напрыклад, аднойчы на чэмпіянаце свету перамагла каманда Славакіі. У краіне адразу ж з’явіліся славацкія адмыслоўцы. Спачатку Шуклер, пасля Попавіч... Гэта была захопленасць. Пасля ўдарыліся ў канадскіх адмыслоўцаў... З крайнасці ў крайнасць кідаемся, і ўвесь час чамусьці нашымі зборнымі кіруюць па тэлефоне”.

Беларускім хакеістам перашкаджае архетыповая славянская вера чыноўнікаў у тое, што галоўнае – гэта забяспечыць адмыслоўцу нармалёвы ганарар. А ён прыйдзе аднекуль і вырашыць усе праблемы, ці яшчэ лепш – пад яго дбайным кіраўніцтвам усе праблемы вырашацца самі сабой.

Калі развіваць гэтую думку, непазбежнай падаецца наступная выснова: нічога ў зборнай Беларусі па хакеі з шайбай не атрымаецца, пакуль яе галоўным трэнерам не прызначаць Піліпа Кіркорава. Але калі ўжо нашымі хакеістамі зоймецца Піліп Бядросавіч, як мінімум шостае месца ім гарантавана.

Фота naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі