Ідэолагі адмовілі ў перайменаванні бібліятэкі імя Леніна ў гонар Скарыны
Віцебскія ідэолагі адмовілі ў перайменаванні абласной бібліятэкі імя Леніна ў гонар Францішка Скарыны. Адказ ініцыятарам (пад петыцыяй у інтэрнэце было сабрана больш за паўтысячы подпісаў) з Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі змясціў на сваёй старонцы ў Facebook блогер Антон Матолька.
"Пытанне аб перайменаванні Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна патрабуе дэталёвай прапрацоўкі і вывучэння грамадскага меркавання, паколькі такія дзеянні могуць выклікаць негатыўную рэакцыю ў часткі насельніцтва", — адзначаецца ў дакуменце. Чыноўнікі пішуць, што "у выпадку прыняцця станоўчага рашэння па дадзеным пытанні, наданне імя ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны дарэчна было б прымеркаваць да якой-небудзь знакавай даты ці юбілея". Пры гэтым ідэолагі ведаюць, што сёлета юбілейных датаў няма (500-годдзе беларускага кнігадруку адзначылі ў 2017-м). А паколькі для перайменавання патрэбныя сродкі, яны лічаць "гэтую прапанову на цяперашні час немэтазгоднай".
Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама патлумачыла, што адмову можна абскардзіць у Мінкультуры.