Ігар Случак: Я вырашыў паўтарыць эксперымент Ліпковіча
Кіраўнік кампаніі “Справаводства па-беларуску” лічыць сябе кандыдатам у дэпутаты ад сацыяльных сетак.
Еўрарадыё: Чаму вы вырашылі выкарыстаць сацыяльныя сеткі, каб стварыць сваю каманду для вылучэння на выбарах?
Ігар Случак: Ёсць меркаванне, што сацыяльныя сеткі — нежывы інструмент, што людзі там толькі выпускаюць сваю энергію, а ніякай практычнай рэалізацыі не адбываецца, што гэта проста выпусканне пары. Я вырашыў правесці эксперымент, паглядзець, ці могуць сацыяльныя сеткі ўздзейнічаць на сітуацыю. Тым больш што ў сацыяльных сетках знаходзіцца амаль тры мільёны беларусаў і гэта падаецца месцам, якое нельга не выкарыстаць. Таму я вырашыў набраць ініцыятыўную групу праз сацыяльныя сеткі з розных канцоў Беларусі, розных прафесій, розных поглядаў. Я даў аб’яву ў сваю суполку "ВКонтакте". Мне прыйшло каля трыццаці адказаў, гэта нават больш, чым мне было патрэбна. Я паразмаўляў з кожным з іх і абраў 15 чалавек. Не хацелася б, каб людзі пацярпелі ад гэтага, але я спадзяюся, што ўсё будзе нармальна.
Еўрарадыё: Сярэдні ўзрост вашай групы — 27 гадоў. Гэта людзі з усёй Беларусі. Дзе яны могуць збіраць подпісы паводле заканадаўства?
Ігар Случак: Яны могуць збіраць подпісы толькі ў маёй акрузе, дзе я балатуюся, гэта Гомель, Савецкая. Гэтая акруга таксама была выбраная праз сацыяльныя сеткі карыстальнікамі "ВКонтакте". Каб сабраць тысячу подпісаў, не патрэбна шмат людзей — хопіць і тых, хто знаходзіцца ў Гомелі. Я думаю, мы зробім гэта за пару тыдняў пасля таго, як нас зарэгіструюць.
Еўрарадыё: А што будуць рабіць людзі з іншых рэгіёнаў Беларусі?
Ігар Случак: Яны могуць працаваць у сацыяльных сетках, рабіць рэпосты, распавядаць. Рэклама праз сацыяльныя сеткі — гэта вялікая рэч. Няхай нават гэта будзе не толькі пра маю выбарчую кампанію, але і пра "Справаводства па-беларуску", пра беларускую мову. Адзін з асноўных пунктаў маёй кампаніі — папулярызацыя беларускай мовы. Я не толькі буду прасіць гэтага ад дзяржавы, я хачу дайсці да сэрцаў людзей, каб яны разумелі, што ад іх шмат што залежыць. Бо, з аднаго боку, беларускае заканадаўства не вельмі распрацаванае ў плане беларускай мовы, але яно пакідае шмат магчымасцяў для выкарыстання мовы. Таму трэба проста даць людзям зразумець, што шмат залежыць ад іх саміх, ад таго, што яны робяць справаводства ў сваёй арганізацыі па-беларуску, размаўляюць па-беларуску, робяць рэкламу па-беларуску. Гэтым яны ствараюць беларускамоўную прастору.
Еўрарадыё: Вылучэнне пачалося праз інтэрнэт. Сама кампанія таксама будзе выкарыстоўваць гэты рэсурс?
Ігар Случак: Безумоўна. Нельга не выкарыстоўваць такі вялізны, вельмі просты і дармовы рэсурс, які ахоплівае такую вялікую аўдыторыю. Гэта не патрабуе вялікіх ні часавых, ні фінансавых выдаткаў, а аддача значная. Калі я праглядаю статыстыку наведвання сваёй суполкі — кожны дзень чатыры-пяць тысяч праглядаў.
Еўрарадыё: Некалькі гадоў таму вядомы блогер Яўген Ліпковіч спрабаваў выкарыстаць інтэрнэт, каб балатавацца. У яго не зусім атрымалася. Якая вашая парада тым, хто ў будучыні праз сацыяльныя сеткі вырашыць шукаць паплечнікаў?
Ігар Случак: Сапраўды, я скарыстаўся ідэяй Яўгена Ліпковіча. Я ведаю, што ў яго тады не атрымалася, прайшло некалькі гадоў і я вырашыў паўтарыць яго эксперымент, паглядзець, ці змянілася стаўленне да сацыяльных сетак у грамадстве, ці сталі яны больш актыўнымі. А парады простыя — каб была каманда, няхай сабе і віртуальная, каб былі вялікія нарошчаныя суполкі, каб былі дамоўленасці з адміністратарамі суполак, якія маглі б раскідаць інфармацыю па інтэрнэце. Універсальных парадаў няма. Як і ў рэальным жыцці, так і ў сацыяльных сетках — чым больш ты актыўны, тым больш у цябе атрымліваецца.