Іх норавы: "амністыя" ў М'янме, скандал у каралеўстве і затрыманне наркабарона
Кароткі агляд сусветных навінаў / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Новы год толькі пачаўся — а нам ужо ёсць, пра што вам расказаць. Гэта штотыднёвы міжнародны агляд сусветных навін ад Еўрарадыё.
Амністыя і рэпрэсіі
Хунта М'янмы вызваліць больш за 7 тысяч чалавек да Дня Незалежнасці, піша CNN са спасылкай на дзяржаўную тэлекампанію MRTV. Ці ўвойдуць у лік амніставаных палітычныя зняволеныя, пакуль незразумела.
У пачатку 2021 года вайскоўцы М'янмы захапілі ўладу, задушылі пратэсты і адхілілі абраны ўрад на чале з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі Аун Сан Су Чжы. Самой лаўрэатцы да сённяшняга дня ўжо прысудзілі 33 гады зняволення. Яе трымаюць у адзіночнай камеры.
У канцы мінулага года Аляксандр Лукашэнка таксама падпісаў закон аб амністыі, праўда, “экстрэмістаў” амністыя не тычыцца. А на гэтым тыдні пачаўся суд над Нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім. Рушым з М'янмай навыперадкі.
Без спікера
Урад ЗША паралізаваны. Апошнім разам такое здаралася яшчэ да Грамадзянскай вайны, піша ВВС.
Рэспубліканцы атрымалі большасць у Палаце прадстаўнікоў, але ніяк не здолеюць выбраць спікера. Ужо 11 разоў правальвалася спроба зацвердзіць на гэты пост Кевіна Макарці. Супраць яго штораз галасуе група з 20 рэспубліканцаў, якія не вераць, што каліфарніец Макарці дастаткова кансерватыўны, каб адпавядаць партыі. Нават падтрымка з боку Дональда Трампа яму не дапамагае — раўнд за раўндам ён не можа набраць патрэбнай колькасці галасоў.
А пакуль няма спікера, кангрэсмены не могуць ні прысягу прыняць, ні па законапраектах прагаласаваць. У папярэдні раз такія цяжкасці ў Кангрэсе здараліся ў 1860 годзе, калі ў ЗША спрабавалі пераадолець рабства. Тады, каб абраць спікера, спатрэбіліся 44 раўнды галасавання. Чарговая спроба зацвердзіць Макарці на ролю спікера адбудзецца ў гадавіну беспарадкаў на Капіталійскім узгорку.
І гэта ў Палаце прадстаўнікоў яшчэ нават не пачыналі абмяркоўваць бюджэт! Год абяцае быць цікавым. Калі хочаце хоць адным вокам паглядзець, як працуе — а часам, як мы бачым, не працуе — дэмакратыя, падключайцеся.
Перастрэлка і збіты самалёт
У Мексіцы збудавалі блокпасты, спалілі некалькі машын, напалі на мясцовы аэрапорт і падбілі адзін самалёт. Не, гэта не пратэсты — гэта помста за тое, што затрымалі сына экс-наркабарона Эль Чапа, расказвае ВВС.
Паліцыя падазрае, што малады Авідыа Гусман-Лопес узначаліў былы наркакартэль свайго бацькі. Адзін з найбуйнейшых картэляў у свеце. Сам Эль Чапа адбывае пажыццёвае зняволенне ў амерыканскай турме.
Члены банды не даравалі затрымання Лопеса. У выніку: 18 чалавек шпіталізавалі, трое сілавікоў загінулі. У трох аэрапортах адмянілі больш за сто рэйсаў.
Прыгадвайце гэтую гісторыю, калі будзеце задавацца пытаннем, чаму чарговы караван мігрантаў рухаецца з Мексікі да амерыканскай мяжы.
“Запасны”
А ў ЗША выходзіць кніга прынца Гары, і гэта яго чарговая публічная заява пра парадкі ў палацы, якую каралеўская сям'я ігнаруе.
У журналістаў вытрымкі меней, чым у каралёў. Многія з іх прачыталі кнігу яшчэ да афіцыйнага рэлізу, а ВВС так уразілася, што нават завяла онлайн-трансляцыю, каб дакладаць чытачам у рэжыме рэальнага часу пра тое, што з прачытанага падалося ім найбольш абуральным.
Гэта яшчэ больш таксічна, чым спрэчкі аб кубачку Ціханоўскай, так што калі не гатовыя — не ўключайцеся ў спрэчкі пра кнігу ў Твітары.
Лепш пачытайце штотыднёвыя міжнародныя агляды Еўрарадыё. А калі няма часу чытаць — слухайце нас на любой зручнай платформе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.