Ілан Маск перадумаў набываць Twitter, той падае на яго ў суд

Ілан Маск / TVN
Ілан Маск / TVN

Мільярдэр Ілан Маск заявіў, што перадумаў набываць Twitter, паведамляе Reuters. Здзелка ацэньвалася ў 44 мільярды долараў. Кампанія плануе звярнуцца ў суд, каб дабіцца выканання пагаднення.

Па словах бізнэсмена, Twitter парушыў шэраг палажэнняў дамовы аб зліцці. Напрыклад, кампанія адмовілася падаваць інфармацыю аб фэйкавых і спам-акаўнтах на платформе, што мае "асноўнае значэнне для эфектыўнасці бізнесу". Да таго ж Маску не спадабалася звальненне Twitter высокапастаўленых кіраўнікоў і траціны каманды па прыцягненню талентаў. Гэтым, лічыць мільярдэр, кампанія парушыла абавязальніцтвы "захаваць практычна некранутымі матэрыяльныя кампаненты сваёй цяперашняй бізнес-арганізацыі".

Пасля паведамленняў у СМІ аб рашэнні Маска адмовіцца ад пакупкі, акцыі Twitter ўпалі на 6%. Кампанія плануе звярнуцца ў суд, каб дабіцца выканання пагаднення. Пра гэта заявіў старшыня рады дырэктараў кампаніі Брэт Тэйлар.

"Рада дырэктараў Twitter мае намер закрыць здзелку па цане і ўмовах, якія былі ўзгоднены са спадаром Маскам, і плануе падаць у суд, каб забяспечыць выкананне пагаднення аб зліцці. Мы ўпэўнены, што атрымаем перамогу ў судзе ў Дэлавэры", — напісаў Тэйлар.

Аб тым, што Маск плануе купіць Twitter, стала вядома ў красавіку. Здзелка павінна была завяршыцца да канца 2022 года. Бізнесмен збіраўся зрабіць кампанію прыватнай і ператварыць сацсетку ў платформу для "выражэння свабоды слова па ўсім свеце". Ён таксама планаваў, што з цягам часу Twitter стане платным для камерцыйных арганізацый і дзяржаўных структур.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі