Ілан Маск спытаўся ў карыстачоў Twitter, ці варта аднавіць акаўнт Трампа
Дональд Трамп / Gage Skidmore from Peoria
Ілан Маск спытаўся ў карыстачоў Twitter, ці варта яму разблакаваць акаўнт Дональда Трампа. У апытанні прагаласавала ўжо больш за 8 мільёнаў чалавек. Пакуль што большасць галасуюць за вяртанне Трампа.
Кампанія заблакавала акаўнт Трампа пасля пратэстаў на Капіталійскім узгорку ў студзені 2021 года. Маск жа лічыцца зацятым абаронцам свабоды слова. З таго моманту, як ён заявіў пра сваё жаданне купіць Twitter, шырока абмяркоўвалася магчымае адблакаванне некаторых яго адыёзных карыстачоў. Сярод іх — і экс-прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які ўжо заявіў пра свой намер балатавацца на наступных выбарах.
Маск назваў сваё апытанне “vox populi vox dei” — гэта лацінская прыказка, якую можна перавесці як "голас народа — голас Боскі".
Але ініцыятыву Маска ацанілі неадназначна. Крытыкі пішуць, што ён скарыстае ўліковыя запісы ботаў для таго, каб вярнуць чалавека, які "спрабаваў зрынуць амерыканскую канстытуцыю". Намякаючы на тое, што яшчэ зусім нядаўняе Маск адмаўляўся ад куплі кампаніі менавіта з-за вялікай колькасці ботаў.
Іншыя іранізуюць і пішуць, маўляў, вядома, няможна пытацца пра меркаванне народа ў такіх складаных пытаннях.
“Я не думаю, што думка простых людзей слушная, таму што ў простых людзей няма патрэбнага IQ, каб зразумець наступствы такога далікатнага рашэння. Лепш пракансультуйцеся з бачнымі грамадзянамі, такімі як пісьменнікі, мысляры, акторы, журналісты CNN, гендарныя актывісты, вяганы і т. д”, — іранізуе адзін з карыстачоў.
Трэція справядліва заўважаюць, што сярод фоловеров Маска больш “правых”, то бок, прыхільнікаў Трампа, чым “левых”, і таму вынікі апытання няможна ўспрымаць сур'езна. З іншага боку, апытанка ўжо мае такі рэзананс, што могуць падключыцца ўсе жадаючыя.
Пасля таго, як Трамп быў заблакаваны ў Twitter, ён стварыў уласную сацсетку "Праўда". З нагоды апытання Маска ён пакуль не выказваўся.
Reinstate former President Trump
— Elon Musk (@elonmusk) November 19, 2022
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.