Ільготы не кампенсуюць, каб у неразумных беларусаў не пацярпела здароўе

Манетызацыя льготаў у Расіі на пачатку 2005 года выклікала масавыя пратэсты насельніцтва. Дзяржава прапаноўвала грамадзянам грошы замест ільготаў, а людзі былі незадаволеныя – мала, маўляў. У Беларусі ж многім катэгорыям насельніцтва і льготы адмянілі, і кампенсацыю не прапанавалі. А мы маўчым. Яшчэ два гады таму Лукашэнка казаў: “Я катэгарычна супраць таго, каб агулам прыбралі льготы, а пасля яшчэ ў тры разы больш давялося з бюджэту сродкаў выдаткоўваць”.

Расія, з увядзеннем манетызацыі, выдзеліла 280 мільярдаў расійскіх рублёў. Бюджэт Беларусі такую лічбу, відавочна, не пацягне. Таму гэтых грошай не тое што не выдаткоўваюць, а проста скарачаюць ільготы.

Хаця ў Расіі вялікая частка насельніцтва ўсё роўна была незадаволеная. Гаворку пра расійскі досвед працягвае кіраўнік галоўнага ўпраўлення комплекснага аналізу і каардынацыі Міністэрства працы Беларусі Яўген Каспяровіч:

“Па нашых падліках, гараджане маюць на 1,7% ільготаў больш, чым сельскія жыхары. То бок, жывуць у дзяржаўных кватэрах, там цэнтралізаванае ацяпленне, у той час калі на сяле ў прыватных дамах жывуць, значыць, ніякіх ільгот па аплаце не атрымліваюць. Тое ж самае, менш карыстаюцца праездам, санаторна-курортным лячэннем. Таму вось такія перакосы.

І ў прынцыпе, расійская глыбінка была па-свойму задаволеная. Там была стандартная грашовая кампенсацыя – 1800 расійскіх рублёў. Шматлікія гараджане, вядома, былі незадаволеныя. Вы памятаеце акцыі, мітынгі. Таму што гэтая грашовая кампенсацыя была не зусім адэкватнай”.

Нашае ж насельніцтва пакуль маўчыць. Хаця эканаміст Яраслаў Раманчук думае, што, верагодна, беларусы яшчэ загавораць:

“Людзі, па-першае, яшчэ не адчулі гэтага. Па-другое, гэта лета, калі сесіі, сельскагаспадарчая праца. І ў людзей няма часу на гэтыя пратэсты. Яны адчуюць гэта толькі тады, калі ўрад падыме тарыфы на камунальныя паслугі і калі пойдуць уверх цэны на транспарт. Вось тады, думаю, пратэстныя настроі ў нашай краіне значна ўзрастуць”.

Такую сітуацыю для Беларусі спадар Яраслаў паабяцаў да канца 2008 года. Чаму ж тады не прапанаваць беларусам грашовую кампенсацыю? Адказвае Яўген Каспяровіч:

“Выплата гэтых грашовых кампенсацыяў прыводзіць часта да нямэтавага выкарыстання гэтых сродкаў. У выніку церпіць іх здароўе. Яны зноў звяртаюцца ў міністэрствы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, просяць аказаць ім дапамогу. А дапамогу цяжка аказаць, таму што казна ўжо ў чатыры разы пераплаціла і разлічылася з гэтымі людзьмі”.

Эканаміст Леанід Заіка лічыць, што беларускія ўлады не ўвялі манетызацыю, таму што баяцца паўтарэння расійскіх падзеяў. Сёння ў нашай краіне 63% насельніцтва належаць ільготы. А на думку Леаніда Фёдаравіча, такіх людзей мусіць быць адсоткаў 15-16. Тады толькі можна праводзіць манетызацыю.

Днямі парламент зацвердзіў праект закону аб сацыяльных ільготах, паводле якога большасць з іх скарачаецца. Аднак пра грашовую кампенсацыю льготаў гутарка пакуль не ідзе. Відаць, улады не ўпэўненыя ў сваім народзе – не ўмее ён размяркоўваць грошы. Значыць, чым менш у беларусаў грошай, тым лепш.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі