Інфармаваць Захад, пакуль палітвязні не згніюць? Ці ўсё робіцца для іх ратавання
Не падобна, што палітвязняў будзе станавіцца меней, а як іх ратаваць — незразумела / калаж Улада Рубанава
Адна з галоўных праблем Беларусі — палітычныя зняволеныя. На 23 снежня толькі афіцыйна прызнаныя палітвязнямі 1442 чалавекі. Гэтыя людзі пакутуюць за кратамі, дома іх чакаюць сваякі, а Офіс Святланы Ціханоўскай намагаецца іх вызваліць, але безвынікова.
Таму назбіралася шмат незадаволенасці Офісам. Некаторыя кажуць, што трэба дамаўляцца на гандаль палітвязнямі ў абмен на зняццё санкцый з рэжыму Лукашэнкі. Іншыя — што няма нават жадання вызваляць людзей з-за кратаў. А ці рэальна гэта? Што для гэтага было зроблена, а што не?
Еўрарадыё шукае адказы на гэтыя пытанні.
“Павінен быць вынік. А мы нават не бачым мэты”
Муж палітзняволенай журналісткі Ірыны Слаўнікавай Аляксандр Лойка напісаў ліст Офісу Святланы Ціханоўскай з просьбай пачаць з рэжымам перамовы.
— Павінна быць мэта, павінна быць дзеянне, павінен быць вынік. А мы нават не бачым ніякай мэты, — кажа Аляксандр. — Тое, што павінен, на мой погляд, зрабіць штаб, гэта звярнуцца да дыпламатаў, звярнуцца ў першую чаргу да кіраўніцтва ЗША з прапановай, каб дыпламаты зноў вярнуліся ў Беларусь і пачаліся перамовы.
Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка піша, што былі зробленыя шматлікія спробы дабіцца вызвалення і любога дыялогу ў гэтым пытанні.
На гэты допіс адказвае сябра аргкамітэта па стварэнні партыі “Разам” Іван Краўцоў.
— Хачу трохі паправіць Франака: тыя механізмы былі задзейнічаныя не па просьбе Офіса ці Каардынацыйнай Рады, а з’яўляюцца часткай працы, якая праводзіцца асобнымі краінамі па іх уласнай ініцыятыве, і міжнароднымі арганізацыямі…
Вячорка задаецца пытаннем, а наколькі маральна спрабаваць таргавацца ці вызваляць толькі частку палітвязняў?
На гэта эмацыйна рэагуе былая жонка палітвязня Уладзіміра Мацкевіча Святлана Мацкевіч.
— Аказваецца, не вызваляць палітвязняў — гэта “мараль” такая. У чым мараль? Стаяць, не рухацца, “інфармаваць Захад”, пакуль яны там не згніюць? Перамогі ў найбліжэйшай будучыні не прадбачыцца. Але мы стаім. А яны сядзяць. Чакаць і спасылацца на тое, што сам Л. не ідзе на перамовы, пры гэтым сцвярджаць, што мы не будзем гуляць па яго правілах. Гэта мараль? Гэта двудумства! Вы і гуляеце па яго правілах! Ці ў мяне нешта з логікай?
Прычым уносіцца адразу негатыўны кантэкст і застрашванне ў альтэрнатыўны сцэнар праз назву — “гандаль” палітвязнямі... Увогуле я зразумела адно: не будуць яны нічога рабіць. Не ведаюць як. І не хочуць, мабыць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.