Міліцыя лічыць, што інвалід-вазочнік можа хадзіць, і дасылае яму штрафы
Віталь Кавалёў жыве ў кватэры ў старым двухпавярховым доме. Дом гэты ніяк не абсталяваны для інвалідаў-калясачнікаў, ліфта няма, пандуса няма. Ходзяць у краму і гатуюць ежу яму сацыяльныя работнікі. Па словах Віталя, ён не выходзіў на вуліцу ўжо больш за год!
Віталь інвалід 1 групы, пенсія ўсяго 217 рублёў. Нечакана ад пенсіі аднімаюць 50 рублёў. Як высветлілася гэты быў штраф за... пераход дарогі ў неналежным месцы! Але Віталь не мог гэтага зрабіць, таму што нават не здольны самастойна выбрацца з кватэры. Алібі!
Ніякіх паведамленняў Віталь не атрымліваў, проста таму, што ў пратаколе быў запісаны яго стары адрас, дзе ён не жыве ўжо некалькі гадоў. Сам ён даведаўся пра штраф толькі праз 8 месяцаў, калі грошы вылічылі з пенсіі. Тады і паспрабаваў высветліць, за што штраф.
Выявілася, што ён пераходзіў дарогу не ў тым месцы. Верагодна, хтосьці прадставіўся яго імем і прозвішчам, ведаў яго дату нараджэння, і толькі з адрасам памыліўся, указаўшы стары.
Акрамя гэтага, у снежні мінулага году гэты "допельгангер" быў затрыманы ў стане алкагольнага ап'янення ў іншай частцы Мазыра. Нават у мясцовым РАУС упэўненыя, што гэта быў ён, Віталь Кавалёў, інвалід 1 групы.
Віталь ужо звярнуўся ў пракуратуру: "Спачатку напісаў запыт у міліцыю, што хачу вярнуць гэтыя грошы, але яны мне адказалі, што трэба падаваць у суд, што я і планую зрабіць".
Намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце Мазырскага РАУС Аляксандр Іллюк лічыць, што не было памылкі:
"Я вам скажу так, сам ён ездзіць і ходзіць. І неаднаразова прыцягваўся за аналагічныя правапарушэнні ў розных частках Мазыра. Тое што ён калясачнік — гэта не 100% інфармацыя, ён можа перасоўвацца на мыліцах і нават без іх. Ён быў на ўліку нашай крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Тое што ён прыкаваны да каляскі — гэта ўсё найгранае".
У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання Мазыра кажуць, што Віталь перасоўваецца толькі на калясцы, гаворкі быць не можа ні пра якія мыліцы:
"Самастойна, без старонняй дапамогі ён перасоўваецца з цяжкасцю, толькі на калясцы. Спускацца ўніз самастойна ён не можа. Сацыяльны работнік на вуліцу яго ня выцягвае. Бо ў доме няма ліфта і безбар'еркі, гэта значыць, пандусаў і прылад для перасоўвання па доме на калясцы. Чаму супрацоўнікі РАУС, якія затрымлівалі яго за пераход або ў нецвярозым стане, не прыйдуць і не паглядзяць на яго і не скажуць, ён гэта ці не ён?"
У Мазырскай ДАІ па гэтай справе праходзіць праверка, начальнік аддзела ДАІ Дзмітрый Немцаў кажа, што любога затрыманага правяраюць праз базу дадзеных, але магчымае ўсё:
“Я, у прынцыпе, не выключаю выпадак, што чалавек без пасведчання асобы не быў правераны па базе дадзеных падчас затрымання".
Намеснік начальніка Мазырскага РАУС Аляксандр Навумік кажа, што такія выпадкі ў іх ужо былі: "Былі выпадкі, калі людзі называлі дадзеныя іншага чалавека і былі падобныя па знешнасці, але падчас праверкі праз базы выяўляўся падман. Часцей за ўсё гэта адбывалася, калі параўноўвалі затрыманага і фатаграфію з базы. Тут складанасць у тым, што яго затрымлівалі не супрацоўнікі Мазырскага РАУС, а Ельскага, гэта было падчас змены экіпажа".