Іосуб: З-за дэвальвацыі ў Расіі пастаўкі беларускай прадукцыі не зменшацца
Расійскі рубель працягнуў падзенне і аднавіў гадавы мінімум. Ад 31 кастрычніка за 1 расійскі рубель будуць даваць 247 беларускіх.
На Беларускай валютна-фондавай біржы 30 кастрычніка прайшлі чарговыя таргі. Расійскі рубель працягнуў падзенне і аднавіў гадавы мінімум. З 31 кастрычніка за 1 расійскі рубель будуць даваць 247 беларускіх. Гэта на 39 рублёў меней, чым на пачатку года.
Як зазначыў у гутарцы з Еўрарадыё фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб, класічна лічыцца, што зніжэнне любой валюты (у гэтым выпадку расійскага рубля) робіць менш канкурэнтаздольным экспарт у гэтую краіну. У прыватнасці, гаворка ідзе акурат пра беларускія тавары ды іх экспарт у Расію.
Іосуб: “Каб зразумець рэальны ўплыў, трэба ведаць, у якіх валютах намінаваныя кантракты. Калі меркаваць па тым, што некалькі тыдняў таму прэм'ер-міністр агучваў, што з-за падзення расійскага рубля губляюць даходы беларускія пастаўшчыкі ў Расію, дык можна зрабіць вывад, што па многіх кантрактах цэны заключаныя ў расійскай валюце. У гэтым выпадку беларуская прадукцыя менш прывабнай не становіцца, пастаўкі яе не зніжаюцца. Але адваротны бок у тым, што доларавы эквівалент выручкі ў расійскіх рублях зніжаецца”.
Фота — myfin.by