Беларусь і Расія зноў на парозе нафтавай вайны

Беларусь зноў хоча нафтавых кампенсацый / maritimes.gr
Беларусь зноў хоча нафтавых кампенсацый / maritimes.gr

Паміж Беларуссю і Расіяй спее чарговы нафтавы канфлікт. Прычына ў 3,5 млрд расійскіх рублёў ($46,52 млн), якія "Гомельтранснафта Дружба" разлічвае атрымаць ад "Транснафты". Беларускае прадпрыемства лічыць гэтую суму сваімі "выпадальнымі" даходамі: 1 млрд расійскіх рублёў — недаатрыманая выручка праз зніжэнне грузапатоку расійскай нафты ў мінулым годзе, а яшчэ 2,5 млрд — павышэнне тарыфу на транзіт на велічыню ўведзенага беларускімі ўладамі экалагічнага падатку.

У Расіі ад такога павароту падзей не ў захапленні. "Транснафта" не спяшаецца пагаджацца на выплаты. Еўрарадыё разабралася, што гэта за сумы, чаму беларускі бок лічыць, што Расія зноў яму павінная, а расійскі бок з гэтым спрачаецца.

Размовы "па паняццях" бессэнсоўныя

Расійская кампанія "Транснафта" называе падлікі "Гомельтранснафта Дружба" эканамічна неабгрунтаванымі. Зніжэнне транзіту расійскай нафты ў мінулым годзе адбылося пра змяншэнне здабычы ў рамках угоды АПЕК+, адзначаюць там. У планах было транспартаваць 50 млн тон, але выйшла на 4,54 млн тон менш.  

Каб зразумець, наколькі справядлівае патрабаванне "Гомельтранснафта Дружба" з юрыдычнага пункту гледжання, трэба азнаёміцца з тэкстам пагаднення па транспартаванні, адзначае старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.

Беларусь и Россия снова на пороге нефтяной войны

— Зразумела, што ў нас такія рэчы ніколі не публікуюцца. Адпаведна, ацаніць іх мы не можам. Калі ўмовамі пагаднення нічога такога не прадугледжана, то размовы, што называецца, "па паняццях" перспектывы не маюць, — кажа аналітык.

На думку эксперта, без згоды Расіі падняць тарыфы Беларусь не зможа.

Могуць быць розныя варыянты, калі гэтае патрабаванне можа быць абгрунтаваным. Тут поле дзейнасці для юрыстаў. З аднаго боку, у дамове маглі быць прапісаныя канкрэтныя аб'ёмы, а з іншага, нават пры іх наяўнасці магла быць нейкая агаворка пра форс-мажор.

Тады Расія магла б апеляваць да таго, што мы і б рады [прапампаваць больш], але вось рашэнне АПЕК+ праз падзенне цэн, а падзенне цэн — праз пандэмію кавіду. А пандэмія кавіду — гэта форс-мажор.

Каб абараніць сваю рацыю, Беларусь тэарэтычна можа звярнуцца ў суд ЕАЭС. Але перспектыў там няшмат. Тым больш спрачацца з Расіяй складана ва ўмовах, калі яна з'яўляецца адзіным крэдыторам і пастаўшчыком газу для Беларусі, практычна адзіным пастаўшчыком нафты.

Падатак беларускіх прадпрыемстваў мусяць плаціць у Расіі?

Яшчэ 2,5 млрд расійскіх рублёў — гэта велічыня экалагічнага падатку, які са студзеня 2020 года ўведзены ў Беларусі для прадпрыемстваў, што займаюцца транспартаваннем нафты і нафтапрадуктаў. Але, на думку "Транснафты", перакладаць падатак на яе няправільна. Маўляў, гэтыя выплаты ўзнікаюць у сувязі са зменай унутранага беларускага заканадаўства. Прычым тут расійская кампанія?

Пагадненнем па транспартаванні нафты прадугледжанае змяненне тарыфу на велічыню чаканай інфляцыі расійскага рубля плюс 3%. Паўторымся, гэта дакумент непублічны. Але наўрад ці ў ім у нейкім выглядзе могуць быць прадугледжаныя плацяжы па экалагічным падатку, пра які  было абвешчана толькі ў пачатку 2020 года. 

— Добра спрабаваць сабраць грошы там, дзе іх можна сабраць. Думаю, тэхнічна гэтая актыўнасць — выкананне даручэнняў, якія ідуць з Адміністрацыі прэзідэнта. Наверсе так вырашылі і аддалі распараджэнне. А Саўмін і прадпрыемствы па транспартаванні нафты бяруць пад казырок і спрабуюць яго неяк выканаць. Наколькі ўдалая будзе гэтая спроба, яны не задумваюцца, таму што не прынята спрачацца з рашэннямі, прынятымі наверсе, — заключае аналітык. І зноў адпраўляе да юрыстаў, якія павінныя ўважліва вывучыць тэкст пагаднення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі