Дзяржбяспека Літвы сказала, чаму не раіла даць дазвол на пражыванне Верамейчыку
Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы
Перабыванне Васіля Верамейчыка ў Літве магло б стварыць пагрозу бяспецы краіны, заяўляюць у Дэпартаменце дзяржбяспекі.
"Згодна з абгрунтаванай ацэнкай Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі (ДДБ), знаходжанне гэтай асобы ў Літве ўяўляла б пагрозу нацыянальнай бяспецы", — гаворыцца ў каментары ДДБ, які цытуе reform.news.
У ведамстве таксама лічаць, што "эскалацыя гэтай гісторыі" можа быць "чарговай інфармацыйнай аперацыяй, накіраванай супраць Літвы".
Як паведамлялася раней, экс-каліноўца Верамейчыка прызналі пагрозай нацбяспецы Літвы і забаранілі ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза. Напярэдадні міністр унутраных спраў Агне Білатайце заявіла журналістам, што адпаведную рэкамендацыю Дэпартаменту міграцыі даў Дэпартамент дзяржбяспекі, які і павінен патлумачыць падставы.
Пра затрыманне ўдзельніка беларускіх пратэстаў і былога байца палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка стала вядома 20 лістапада. Яго арыштавалі ў В'етнаме 13 лістапада і на наступны дзень дэпартавалі ў Беларусь паводле запыту КДБ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.