Іракцы, якія тры дні не маглі пакінуць аэрапорт у Мінску, вярнуліся дадому

Сям'я з Ірака, якая захрасла ў аэрапорце Мінска / фэйсбук
Сям'я з Ірака, якая захрасла ў аэрапорце Мінска / фэйсбук

"6 жніўня сям'я пакінула транзітную зону і паляцела назад у Багдад вывазным рэйсам. Такі выпадак намі быў заўважаны ўпершыню", — расказвае Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік Нацыянальнага аэрапорта Мінск Раміна Саматханава.

Фатаграфія адзінаццаці грамадзян Ірака, якія тры дні не маглі выбрацца з мінскага аэрапорта, з'явілася ў фэйсбуку аднаго з іракцаў у мінулую пятніцу.

Людзі "п'юць ваду з прыбіральняў", "спяць на крэслах і на падлозе", — было напісана ва ўжо выдаленым паведамленні.

Па словах іракцаў, турфірма, якая адправіла іх у Беларусь, пераблытала даты ў запрашэнні. Праз гэта ў аэрапорце ім адмовіліся ставіць уязныя беларускія візы.

"4 жніўня сям'я прыбыла ў аэрапорт і апынулася ў транзітнай зоне, — тлумачаць сітуацыю ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. — Дакументаў самастойна ў консульскі пункт МЗС з невядомых нам прычын яны не падавалі, пасадачных, каб прайсці транзітную зону, у іх не было, таму і апынуліся ў сітуацыі "ні туды, ні сюды".

На фатаграфіі, прыкладзенай да паведамлення ў фэйсбуку, кампанія з пяці дзяцей і шасці дарослых уладкавалася на падлозе, нягледзячы на тое, што транзітная зона абсталяваная крэсламі. Паўраздзетае дзіця ляжыць проста на голых плітах.

Па словах Раміны Саматханавай, работнікі аэрапорта прагледзелі запісы камер відэаназірання: "Пастаянна на падлозе гэтыя людзі не сядзелі".

Каб не стаць закладнікамі падобнай сітуацыі, у мінскім аэрапорце раяць уважліва правяраць пакет дакументаў, які выдае турфірма перад пералётам, а таксама вывучыць парадак уезду ў краіну прызначэння.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі