Італія працягвае змагацца за магчымасць прыняць беларускіх сірот на вакацыі

Італьянцы чакаюць, калі іх міністр падпіша паперы, якія запатрабаваў беларускі ўрад / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Італьянцы чакаюць, калі іх міністр падпіша паперы, якія запатрабаваў беларускі ўрад / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Дзеці-сіроты трэці год запар не могуць прыляцець у госці да сваіх італьянскіх "сем'яў", якія шмат гадоў прымалі іх на аздараўленне. Спярша замінала пандэмія, за ёй — санкцыі супраць "Белавія".

Чакалася, што да ліпеня праблему ўдасца вырашыць і гэтым летам беларускія дзетдомаўцы зноў змогуць правесці трохі часу ў сапраўдных сем'ях. Але гэтага не здарылася, пішуць італьянскія СМІ.

 

"Гэтым летам дзеці не прыедуць"

Італьянскія дабрачынныя арганізацыі дамагліся дазволу для "Белавія" здзейсніць гуманітарны рэйс у паветранай прасторы ЕС. Рэйс адкладаўся, і нарэшце ў пачатку ліпеня на старонцы некамерцыйнай арганізацыі Gruppo Accoglienza Bambini Bielorussia з італьянскага рэгіёна Апулія з'явілася такое несуцяшальнае паведамленне:

— Дарагія мае, цяпер цяжка падабраць словы, каб перадаць вам мой настрой, але прыйшоў час расказаць вам пра бягучую сітуацыю з аднаўленнем рэабілітацыйных праектаў. На жаль, хоць у нас яшчэ няма афіцыйнай заявы ад Беларусі, ужо можна сказаць, што гэтым летам дзеці не прыедуць у Італію.

Италия продолжает бороться за возможность принять белорусских сирот на каникулы
Італія / pixabay

Іншая італьянская дабрачынная асацыяцыя Puer працягвае змагацца за тое, каб дзеці прыляцелі хоць бы на месяц.

Адзін з яе сябраў Марка Моці кажа, што цяпер ідзе праца над складаннем гарантыйнага ліста для беларускага ўрада. У ім Італія павінна запэўніць беларускі бок у тым, што дзяцей не будуць утрымліваць сілай і выкарыстоўваць у палітычных мэтах.

Над складаннем ліста працуе Міністэрства эканамічнай палітыкі, працы і сацыяльнай абароны Італіі, расказвае падуанскае выданне La difesa са спасылкай на Redattore sociale.

Сем'і спадзяюцца, што гэтага ліста будзе дастаткова для беларускага боку і тады дзеці змогуць прыехаць у Італію хоць бы на адзін месяц у жніўні. Гэта менш за звычайныя тры, але праз два гады чакання і гэтага будзе дастаткова.

Италия продолжает бороться за возможность принять белорусских сирот на каникулы
Венецыя, Італія / pixabay

— Мы разумеем, што ва ўмовах сітуацыі, якая склалася ў свеце, дзеці могуць станавіцца таварам для шантажу, але гарантый міністэрства павінна быць дастаткова, — дадае Моці. — За 32 гады гасціннасці толькі аднойчы сям'я з Генуі не аддала дзіця, але была заведзена крымінальная справа, і дзіця ўсё ж вярнулася ў Беларусь. Так што падстаў для падазрэнняў няма. Мы працягваем змагацца.
 

Некаторыя дзеці да Італіі ўсё ж дабраліся

Некаторыя беларускія дзеці ўсё ж змаглі трапіць на вакацыі ў свае італьянскія "сем'і". У канцы чэрвеня ў міланскі аэрапорт Мальпенса прыляцелі 25 дзяцей, піша італьянскае выданне La Fedelta.

Але гаворка толькі пра дзяцей з поўных сем'яў, для якіх бацькі змаглі падпісаць дазвол на паездку. Пералёт выконваўся не гуманітарным рэйсам "Белавія", як першапачаткова планавалася. Дзеці ляцелі з Мінска да Турцыі, а ўжо адтуль — у Італію. Гэта істотна падаражае паездку для боку, які прымае, пішуць італьянскія медыя.

 

Чаму гэта так важна

— Яны жылі жыццём сям'і. Новы для іх досвед. Бабулі і дзядулі, дзядзькі і цёткі. Асацыяцыя арганізавала школы плавання, футбольныя школы і нават курсы дайвінгу. Да гэтага яны ніколі не бачылі мора, — расказвае ў гутарцы з італьянскім выданнем Rai News сяброўка дабрачыннай арганізацыі Piccolo Mondo onlus Рафаэла Кандолі​.

Беларускія дзеці прыязджалі да яе ў госці на Каляды і на ўсе летнія вакацыі. І так — з 1996 года. Яна згадвае, як дзеці здзіўляліся, калі бачылі напоўнены халадзільнік, калі ім паказвалі іх уласны пакой з цацкамі.

— Неяк была мода на красоўкі, якія свяціліся. Некаторыя іх не здымалі, спалі ў іх. Запрашаць сяброў у госці для іх было радасцю. Для ўсіх гэтых дзяцей рэчы, якія для нас штодзённасць, падобныя да палёту ў Нэвэрландыю да Пітэра Пэна, — кажа Кандолі.

Але самае галоўнае — у італьянскіх сем'ях дзеці могуць убачыць мадэль адносін, якой не бачаць у дзіцячых дамах. Гэта адносіны не паміж выхавальнікамі і падапечнымі, а паміж бацькамі і дзецьмі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі