Італьянцы спрабавалі ўсынавіць 200 беларускіх дзяцей. Вось чаму нічога не выйшла
Італія
Дзвесце італьянскіх сем'яў не могуць завяршыць працэдуру ўсынаўлення беларускіх дзяцей, піша мясцовае выданне Il Restodelcarlino.
У 2020 годзе тагачасны прэм'ер Італіі Джузэпэ Контэ адмовіўся падпісаць спецыяльны гарантыйны ліст, у якім мусіў быць спіс тых, хто ўсынаўляе дзяцей. Не праз шкадлівасць — а таму, што ЕС не прызнаў Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі. Але паколькі Беларусь не атрымала ліста, працэс усынаўлення заблакавалі.
Італьянскія сем'і, якія спрабавалі дамагчыся завяршэння працэдуры, патрабавалі ад свайго ўрада вырашыць праблему. І ў красавіку 2021 года Італія ўсё ж накіравала Беларусі патрэбны ліст — але за подпісам тагачаснага міністра па справах сям'і Элены Банэці, а не прэм'ер-міністра Контэ.
"Але для Беларусі ліст, не падпісаны Контэ, — не больш чым макулатура", — піша італьянскае выданне.
Зрэшты, італьянскія журналісты кажуць, што ў беларускіх дзяцей і іх італьянскіх сем'яў усё яшчэ ёсць надзея. Гарантыйны ліст, які тры гады таму не падпісаў Контэ, цяпер ляжыць на стале дзейнай прэм'ер-міністаркі Італіі Джорджы Мэлоні.
Італьянцы змагаюцца за магчымасць усынавіць беларусаў
Асацыяцыя Adozioni Alfabeto, якая кантактуе з сем'ямі, што распачалі працэдуру ўсынаўлення, звярталася ў Дзяржаўны савет (судовы орган у Італіі). Але там падтрымалі пазіцыю экс-прэм'ера: Адмова ад падпісання ліста, які дае зялёнае святло ўсынаўленню — палітычны акт, і ўрад мае на яго права.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.