"Дзяцей Чарнобыля" не пускаюць на аздараўленне ў Італію

Італія / pixabay
Італія / pixabay

Беларускія дзеці не могуць паехаць на аздараўленне ў Італію, бо гэтаму перашкаджае беларускі бок, сказаў прэзідэнт асацыяцыі Puer Серхіа дэ Чыка.

"Наш урад паспрабаваў наладзіць дыялог і прапанаваць неабходныя гарантыі [беларускаму боку]. Ім патрэбная ўпэўненасць, што дзеці вернуцца. І я ведаю, што гэтыя гарантыі наш урад даў", — сказаў дэ Чыка ў інтэрв'ю італьянскаму выданню La Gazzetta Mezzogiorno.

На аздараўленне ў Італію шмат гадоў запар ездзілі беларускія дзеці з рэгіёнаў, пацярпелых ад чарнобыльскай аварыі, а таксама дзеці-сіроты. Гэтыя гуманітарныя паездкі прыпыніліся з пачаткам пандэміі. Пасля яны так і не аднавіліся — пасля пандэміі адбылася пасадка самалёта Ryanair, калі неба над Беларуссю было закрытае.

Сем'і, якія прымалі беларускіх дзяцей у сябе ў гасцях, паспрабавалі паўплываць на сітуацыю. Яны прасілі італьянскі ўрад даць неабходныя гарантыі беларускаму боку і арганізаваць гуманітарны рэйс, які б не падпадаў пад забарону на палёты еўрапейскіх самалётаў у беларускай паветранай прасторы.

На некалькі гадоў удалося дамагчыся таго, каб некалькі дзяцей усё ж прыехалі ў Італію.

"Але 90% няпоўнагадовых і самых малазабяспечаных Беларусь не адпускае. Гэта пакута для іх і для іх сем'яў, бо за час іх візітаў многія з іх зрабіліся нібыта яшчэ адным дзіцем у італьянскіх сем'ях", — кажуць удзельнікі праграмы з боку Італіі.

Мы расказвалі пра падрабязнасці сітуацыі, у якую трапілі беларускія дзеці і іх італьянскія сябры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі