Калі адпусціць цэны, да восені можа быць інфляцыйны ўсплёск — Галоўчанка
Раман Галоўчанка / TUT.by, ілюстрацыйнае фота
У Беларусі цяпер назіраецца дэфляцыя, але адпускаць цэны ўсё адно нельга. Пра гэта прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка заявіў падчас паездкі ў Магілёўскую вобласць.
"У нас, усім вядома, дэфляцыя цяпер у краіне. Але зноў-такі нельга цяпер так лейцы адпускаць і лічыць, што задача вырашаная. Інакш можа чакаць інфляцыйны ўсплёск ужо бліжэй да восені", — прыводзіць прэс-служба ўрада словы прэм'ер-міністра.
Разам з тым Галоўчанка паведаміў пра карэкціроўкі ў пастанову №713, якая зацвярджала сістэму рэгулявання цэн. Па яго словах, змены плануюцца на карысць айчынных вытворцаў — для іх і для імпарцёраў мяркуецца зрабіць роўныя ўмовы.
Прэм'ер мяркуе, што гандаль і вытворцы да сістэмы рэгулявання цэн ужо адаптаваліся. Адмяняць яе бліжэйшым часам не плануецца.
"Гэтая сістэма будзе існаваць, не скажу заўсёды, але прынамсі доўга. Таму зараз ідзе ў нас цюнінг: тут убачылі, тут убачылі. Там жа шмат нюансаў, якія не заўсёды ўдавалася прадугледзець", — кажа Галоўчанка.
Перад Новым годам ён заяўляў, што рэгуляванне цэн могуць адмяніць, калі "інфляцыя прыйдзе ў норму". Праўда, так і не патлумачыў, што лічыць у гэтым выпадку "нормай".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.