Калі б у МЗС Лукашэнкі прызначылі Чэрчыля, дык і ён бы не справіўся — Латушка
Максім Рыжанкоў
У каментары Еўрарадыё кіраўнік НАУ Павел Латушка пракаментаваў сённяшнія прызначэнні ў кіраўніцтве Беларусі.
Прызначаючы Максіма Рыжанкова міністрам замежных спраў, Лукашэнка, на думку Латушкі, дае слабы мэсідж Захаду, што хоча ўсталяваць камунікацыю. Кіраўнік НАУ кажа, што некалькі месяцаў таму ў Мінск з сакрэтным візітам прыязджаў эмісар прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона і сустракаўся як з Лукашэнкам, так і з Рыжанковым (тады — першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі).
"Апошнія тыдні мы атрымалі пацвярджэнні, што адбываюцца рэгулярныя тэлефонныя размовы паміж Елісейскім палацам і Рыжанковым", — дадае Латушка.
Але, паводле яго, Рыжанкоў не зможа наладзіць адносіны з Захадам пры ўсім сваім жаданні: "Нават калі б прызначылі Уінстана Чэрчыля міністрам замежных спраў Лукашэнкі, то і ён не вырашыў бы гэтую праблему. Бо спачатку трэба вызваліць усіх палітзняволеных, спыніць гвалт у турмах, спыніць дэпартацыю беларусаў, спыніць падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны, неаб'яўленую вайну супраць суседніх краінаў — членаў Еўрапейскага Саюза".
Разам з тым, на думку Латушкі, прызначэннем Рыжанкова Лукашэнка дае зразумець Крамлю, што пры неабходнасці гатовы зноў пачаць наладжваць адносіны з Захадам. Пад гэтыя пагрозы Лукашэнка будзе спрабаваць атрымаць дадатковыя грошы з Расіі.
Латушка згадвае, што Рыжанкоў знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі, у тым ліку санкцыямі ЕС. Такая сітуацыя была, калі міністрам замежных спраў быў прызначаны Уладзімір Макей, унесены ў міжнародныя "чорныя спісы". З Макея знялі персанальныя санкцыі. Але для гэтага былі перадумовы, падкрэслівае Латушка. Ці здолее рэжым Лукашэнкі стварыць такія перадумовы для Рыжанкова? Гэта будзе выклік для самога Лукашэнкі, мяркуе кіраўнік НАУ.
Пракаментаваў Латушка і вяртанне Наталлі Пяткевіч на пасаду першай намесніцы кіраўніка Адміністрацыі. На яго думку, у яе будзе адзіная задача — арганізаваць "пераабранне" Лукашэнкі на новы тэрмін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.