А калі не 3 ліпеня? 8 лагічных дат для Дня незалежнасці Беларусі

А если не 3 июля? 8 логичных дат для Дня независимости Беларуси

Пасля рэферэндуму 1996 года Беларусь адзначае Дзень незалежнасці 3 ліпеня. У гэты дзень сталіца краіны — Мінск — падчас аперацыі "Баграціён" была вызваленая ад нямецкіх войскаў.

Але ж сталіца — гэта не ўся краіна! Да поўнага вызвалення Беларусі было яшчэ больш за тры тыдні. Гродна быў цалкам ачышчаны ад немцаў да 24 ліпеня, Брэст вызвалены 28 ліпеня ў ходзе Люблінскай-Брэсцкай аперацыі, праведзенай з 18 ліпеня па 2 жніўня 1944 года... Атрымліваецца, 3 ліпеня палова Беларусі яшчэ знаходзілася пад кантролем немцаў. Хіба лагічна адзначаць гэтую дату менавіта як Дзень незалежнасці?

Як было напачатку 1990-х

Да 1996 года 3 ліпеня ў Беларусі адзначалі Дзень горада Мінска — і вось гэта як раз было разумна. Пазней Дзень горада перанеслі на сярэдзіну верасня.

Дзень незалежнасці Беларусі ў пачатку 1990-х адзначаўся 27 ліпеня. У гэты дзень у 1990 годзе Вярхоўны савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце.

Тады дакумент насіў сімвалічны характар: Беларусь яшчэ год заставалася часткай СССР. Але вось, 19 жніўня 1991 года ў Маскве пачаўся путч. А ўжо 25 жніўня 1991 года той жа Вярхоўны савет БССР прыняў рашэнне надаць Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус Канстытуцыйнага закону.

19 верасня 1991 года змены працягнуліся: БССР (Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка) была перайменавана ў Рэспубліку Беларусь. Тады ж былі прынятыя новы дзяржаўны герб — "Пагоня" — і новы дзяржаўны сцяг — бел-чырвона-белы.

А если не 3 июля? 8 логичных дат для Дня независимости Беларуси
Віталь Гуркоў са сваёй знакамітай капай

27 ліпеня, 25 жніўня, 19 верасня

Кожная з гэтых дат больш звязаная з набыццём Беларуссю суверэнітэта, чым 3 ліпеня. Больш за тое: давайце паглядзім, калі адзначаюць Дзень незалежнасці нашы суседзі — былыя рэспублікі СССР:

Украіна першапачаткова адзначала гэтае свята 16 ліпеня — у памяць пра тое, што 16 ліпеня 1990 года Вярхоўны савет УССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Украіны. Зараз гэтае свята адзначаецца 24 жніўня, калі ВС УССР прыняў Акт абвяшчэння незалежнасці Украіны;

— Літва 11 сакавіка адзначае Дзень аднаўлення незалежнасці. 11 сакавіка 1990 года Вярхоўны савет тады яшчэ савецкай рэспублікі прыняў Акт аднаўлення незалежнасці Літвы. Разам з гэтым святам, 16 лютага ў Літве адзначаюць Дзень аднаўлення дзяржаўнасці. 16 лютага 1918 года была падпісана Дэкларацыя аб незалежнасці Літвы — да тых падзеяў мы яшчэ вернемся;

А если не 3 июля? 8 логичных дат для Дня независимости Беларуси
Дзень незалежнасці Літвы святкуюць 11 сакавіка. Халодна, але можна. Фота: Nordic Investment Bank

— Латвія адзначае Дзень аднаўлення незалежнасці 4 траўня. У 1990 годзе менавіта ў гэты дзень латвійскі Вярхоўны Савет прыняў Дэкларацыю аб аднаўленні незалежнасці Латвійскай Рэспублікі, а таксама вызначыў пераходны перыяд для дасягнення рэальнай незалежнасці. А 18 лістапада ў Латвіі святкуюць Дзень абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі — у гонар абвяшчэння "Акту аб незалежнасці" 18 лістапада 1918 году;

— Расіяне адзначаюць Дзень Расіі 12 чэрвеня. Да 2002 года свята называўся Днём прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце РСФСР. Вярхоўны савет РСФСР прыняў гэты дакумент 12 чэрвеня 1990 года.

Такім чынам, усе суседнія з намі рэспублікі былога СССР звязваюць сваю незалежнасць з падзеямі 1990 года, калі пачаліся працэсы выхаду з Савецкага саюза. І толькі Беларусь па-за гэтым трэндам.

25 сакавіка

У гэты дзень у 1918 годзе была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Афіцыйнай мовай была абвешчаная беларуская, а сталіцай — Мінск. 25 сакавіка 1918 лічыцца днём, калі беларусы ўпершыню ў гісторыі здабылі уласную дзяржаву.

У Літве і Латвіі аналагічныя даты абвешчаныя дзяржаўнымі святамі. У Беларусі 25 сакавіка доўгі час было днём пратэсту — апазіцыйная акцыя "Дзень Волі", якая праходзіць у гэты дзень, нязменна суправаджаецца затрыманнямі. Не стаў выключэннем і 2018 год, калі ў Мінску адзначалі 100-годдзе ўтварэння беларускай дзяржаўнасці. Але свята хаця б далі арганізаваць легальна: у самым цэнтры горада, з канцэртам, фудкортам і забаўкамі. Зону свята наведалі, па розных ацэнках, ад 10 да 50 тысяч чалавек.

А если не 3 июля? 8 логичных дат для Дня независимости Беларуси
Дзень Волі 2018 у Мінску. Фота: Еўрарадыё

1 студзеня

Калі ўжо БНР цяперашнім беларускім уладам не мілая, дык чаму б не звярнуцца да гісторыі БССР? Яна была абвешчана 1 студзеня 1919 года і першапачаткова называлася ССРБ (Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь). У здольнасць беларусаў нешта канструктыўна адсвяткаваць 1 студзеня верыцца з цяжкасцю, затое на парадах дакладна можна было б зэканоміць. Ды і на салюце ў гонар Дня незалежнасці таксама — проста аб'яднаць яго з навагоднім феерверкам.

3 сакавіка

З гэтай датай звязана першае згадка Мінска ў летапісах. 3 сакавіка 1067 года на рацэ Няміга адбылася кровапралітная бітва паміж войскамі Усяслава Чарадзея і сыноў Яраслава Мудрага: Ізяслава, Святаслава і Усевалада. Летапісец напісаў пра бітву:

"На Нямізе снапы сцелюць галовамі,
Малоцяць цапамі сталёвымі,
Жыццё кладуць на таку,
Душу веюць ад цела".

Усяслаў Чарадзей быў разбіты і збег. 3 сакавіка — сумная дата, звязаная з паразай, і таму не зусім падыходзіць для свята. Але з пункту гледжання гісторыі нават яна больш лагічная, чым 3 ліпеня.

Дзень незалежнасці можна было б звязаць з датай заснавання Полацка — самага старога горада Беларусі. Першая згадка Полацка ў летапісах датуецца 862 годам. На жаль, вылічыць канкрэтную дату заснавання горада немагчыма.

А если не 3 июля? 8 логичных дат для Дня независимости Беларуси
Бітва на Нямізе

15 ліпеня, 8 верасня

Калі адзначаць Дзень незалежнасці ў дату, звязаную з паразай, гэта дрэнная ідэя, дык, можа, мае сэнс святкаваць у дзень, звязаны з перамогай? Тым больш, што гісторыя ведае нямала дат, калі продкі беларусаў адстойвалі сваю свабоду са зброяй у руках. 15 ліпеня 1410 года адбылася Грунвальдская бітва, у якой войскі Вялікага княства Літоўскага разграмілі тэўтонскіх рыцараў. 8 верасня 1514 года ў Бітве пад Оршай войска гетмана ВКЛ Канстанціна Астрожскага перамагла сілы Маскоўскага княства.

Абедзве даты адзначаюцца як дні вайсковай славы беларусаў — праўда, неафіцыйна. Чаму б не будаваць патрыятычнае выхаванне на іх і на іншых слаўных старонках нашай гісторыі?

А если не 3 июля? 8 логичных дат для Дня независимости Беларуси
Кітайскія вайскоўцы на парадзе ў гонар Дня незалежнасці Беларусі. Фота: БелТА

Чаму беларускім уладам больш падабаецца 3 ліпеня?

27 ліпеня цяпер наогул не адзначаецца ў Беларусі на дзяржаўным узроўні. Яно і зразумела: для пакалення, якое вырасла ў СССР, гэта непрыемная дата. Яна непарыўна звязана з выхадам Беларусі са складу Савецкага саюза, з распадам гэтай краіны, які шмат хто ў нашай вертыкалі ўлады лічаць катастрофай.

3 ліпеня — гэта дата з гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, на базе якой пабудаваная практычна ўся сучасная беларуская ідэалогія і сістэма патрыятычнага выхавання. "Рэнесансу" пачатку 1990-х, насупраць, у сучасных падручніках па гісторыі Беларусі адводзіцца вельмі сціплая роля.

Таксама 3 ліпеня выглядае як невялікая саступка Расіі. Гэтая дата падкрэслівае не растанне БССР і РСФСР, а, наадварот, іх сумесныя дзеянні па барацьбе з агульным ворагам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі