“Калі нехта карыстаецца бясплатным праездам, значыць, нехта яго кампенсуе”

У Мінтрансе адзначаюць, што стратны грамадскі транспарт у выніку стане яшчэ больш стратным.

Рашэнне пра бясплатны праезд для ўсіх школьнікаў Беларусі будзе прынятае да канца тыдня. Пра гэта Еўрарадыё расказала прэс-сакратар Міністэрства транспарту Алена Саланенка

“Калі б было вырашана, пра гэта ўсе б даўно ведалі. Вы ж ведаеце, як гэта ў нас бывае: Савет міністраў ці прэзідэнт падпісваюць указ — і ўсім усё становіцца вядома. Трэба чакаць, калі ўрад прыме рашэнне”.

Еўрарадыё: Калі гэтага можна чакаць?

Мінтранс: На гэтым тыдні павінна быць адназначна.

Ёсць верагоднасць, што вернуць ільготны праезд і студэнтам, кажа Алена Саланенка:

“Я думаю, што гэтае пытанне разглядаецца. Але пакуль я не магу вам сказаць, таму што мы далі адзін праект дакумента, а які ён будзе на выхадзе, ніхто яшчэ не ведае”. 


Тым часам студэнты ў Віцебску каталіся бясплатна цэлы дзень, нават не чакаючы льготаў, перадаюць “Народныя навіны Віцебска”.

“Няхай гэта будзе навагоднім падарункам”, — пракаментаваў казусную сітуацыю начальнік Віцебскага трамвайна-тралейбуснага ўпраўлення Васіль Паўлючкоў.

“10 снежня Віцебскі абласны савет дэпутатаў прыняў рашэнне пра бясплатны праезд для школьнікаў. Не выключана, што ў панядзелак хтосьці ездзіў і дадаткова, акрамя гэтага рашэння. Таму што рашэнне было апублікавана пазней”.

Транспартныя арганізацыі заўсёды былі стратнымі. З адменай ільготаў іх справы трошку палепшыліся. Але раптам, пасля выступу Лукашэнкі на Усебеларускім народным сходзе, праезд для школьнікаў зрабілі бясплатным! Ці не пацярпеў з-за гэтага рашэння беларускі грамадскі транспарт?
Мінтранс: “Будзе, відаць, яшчэ больш стратны. На жаль”.

А вось у Віцебску з-за гэтага не хвалююцца.

“Калі хтосьці карыстаецца бясплатным праездам, значыць, хтосьці яго кампенсуе”, — патлумачыў спадар Паўлючкоў. 

Васіль Паўлючкоў: “Ці то гэта будзе з бюджэту, ці то з Міністэрства адукацыі… Гэтае пытанне цяпер распрацоўваецца. Мы нічога не губляем. Страты мы не лічылі. Вы ж разумееце, што тут сярэдзіна месяца, і тыя, хто пастаянна карыстаўся грамадскім транспартам, меў ці то месячны праязны, ці дэкадны. І гэты адзін дзень ніякага надвор'я не зрабіў”.

Як доўга змогуць школьнікі ездзіць бясплатна ў грамадскім транспарце? У Мінтрансе на гэтае пытанне нам не адказалі:

“Мы не можам гэтага сказаць…Вы ж памятаеце пра ўказ пра льготы: тады не казалі, наколькі гэта… Меркавалі, што назаўсёды”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі