Калі вас штосьці хвалюе — ідзіце па дапамогу! Нельга ігнараваць свой стан

Еўрарадыё: Што з намі цяпер адбываецца? Чаму пасля выбуху ў мінскім метро людзі ўвесь час тэлефануюць адно аднаму — нават тым, з кім даўным-даўно не кантактавалі?

Вікторыя Пякарская: У людзей разбурылася галоўная базавая патрэба ў бяспецы, і яны любымі спосабамі спрабуюць гэтую бяспеку вярнуць. Яны тэлефануюць адно аднаму ў спадзяванні знайсці нейкі эмацыйны водгук і магчымасць увогуле пра гэта гаварыць.

Гэтае здарэнне нагадала людзям, што ёсць іншыя каштоўнасці акрамя эканамічных — каштоўнасць жыцця, кахання, стасункаў, блізкасці… І сапраўды ўзгадалі тых, пра каго, магчыма, і раней помнілі, але ўсё ніяк не знаходзілі часу патэлефанаваць за рознай штодзённай мітуснёй. А ў гэтай сітуацыі сапраўдныя каштоўнасці ўсплылі на паверхню.

Еўрарадыё: З якімі пачуццямі людзі цяпер сутыкаюцца больш за ўсё?

Вікторыя Пякарская: Розныя людзі па-рознаму ўспрымаюць такую траўматычную і стрэсавую сітуацыю. Адны людзі, нават знаходзячыся на месцы выбуху, могуць даволі лёгка яе перанесці (і гэта бачна па відэа), і ёсць людзі, якія, наадварот, разлічваюць на бяспеку. Яны вераць у тое, што нічога страшнага з імі адбыцца не можа. Адсюль і з'яўляецца страх, трывога, слабасць… Бяссілле неяк абараніць сябе, сваіх блізкіх, прадухіліць, умяшацца ў тое, што ўжо адбылося, аказваецца вельмі разбуральным для такіх людзей.

Тое, што можна зрабіць, — робіцца. Людзі дапамагаюць, падвозяць адно аднаго, здаюць кроў… Штосьці рабіць у такой сітуацыі — гэта як спосаб неяк справіцца з трывогай.


 Еўрарадыё: Што трэба рабіць тым людзям, якія вельмі моцна перажываюць гэтыя падзеі? Што можа дапамагчы?

Вікторыя Пякарская: Найменш стабільным людзям патрэбная дапамога спецыялістаў. Нават тым, хто там не знаходзіўся...

Са сваім ціскам, са сваімі, магчыма, назойлівымі думкамі, трывогай неабходна звяртацца да спецыялістаў, таму што гэта датычыцца не толькі тых, хто непасрэдна знаходзіўся на месцы выбуху, але і тых, хто нібыта не пацярпеў. Ім таксама патрэбная дапамога. Трэба звяртацца да тых, хто цяпер менавіта заяўлены, — службы ратавання, да тых, хто цяпер працуе ад дзяржавы. Яны ведаюць, што трэба рабіць.

Можа так здарыцца, і я лічу важным пра гэта сказаць, што першую стадыю людзі пражывуць даволі лёгка. То бок на першай стадыі пасля катастроф такога маштабу неабходныя сацыяльныя меры, якія прынятыя, — рэабілітацыя, ратаванне, інфармаванне… Ужо пасля можа ўзнікнуць наступны этап — актывізацыя гневу і агрэсіі. Можа з'явіцца пачуцце, што “мяне не разумеюць навакольныя, тыя, каго не было на тым месцы”… Гэтыя пачуцці кажуць пра надыход наступнай стадыі…

Еўрарадыё: Як увогуле людзі перажываюць падобныя падзеі?

Вікторыя Пякарская: Перапрацоўка падобных падзеяў пачынаецца з фазы адмаўлення — “не, такога не можа быць”, “гэта адбываецца не са мной”, наступная фаза – агрэсія, магчыма, спробы штосьці сутаргава расказваць, могуць з'явіцца сны… Хаця спачатку магло быць усё нармальна. Могуць узнікнуць рэакцыі, калі нават невялікае нагадванне выклікае прыліў страху. На гэтай фазе неабходна пра сябе паклапаціцца.

У такіх выпадках для нас звыкла “кансерваваць” сітуацыю, не пражываць яе. І неабходная псіхалагічная праца аказваецца не зробленай. Людзі далей з гэтым жывуць і застаюцца патэнцыйна слабымі, нестабільнымі для нейкіх не самых лепшых сітуацый.

Трэба не ігнараваць свой стан, не думаць “само пройдзе”. Калі вас штосьці непакоіць — неабходна звярнуцца па дапамогу.


 Еўрарадыё: Што рабіць, каб псіхалагічна падтрымаць людзей, якія пацярпелі ад выбуху? Што варта ім казаць, чаго не варта?

Вікторыя Пякарская: Тут хутчэй неабходна слухаць, прысутнічаць, калі ёсць магчымасць — пабыць побач. Самая распаўсюджаная памылка — гэта адмаўленне. Нельга казаць — “ну, нічога страшнага…”. Ну як жа нічога страшнага, калі відавочна, што шмат страшнага! Не трэба спрабаваць супярэчыць іх рэальнасці, спрачацца з імі, супакойваць такімі бытавымі спосабамі.

Трэба слухаць, прысутнічаць, суперажываць, быць побач.

Даведка ад Еўрарадыё: Да псіхолагаў МНС Беларусі і Расіі можна звяртацца кругласутачна па тэлефонах у Мінску  (+375-17) 209-27-36 і 209-27-58, 209-27-58

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі