Калаур: Мінск і Масква думаюць, што далей рабіць з "Белгазпрамбанкам"

Кіраўнік Нацбанка Павел Калаур / Tut.by
Кіраўнік Нацбанка Павел Калаур / Tut.by

Беларускі і расійскі бакі думаюць, што далей рабіць з "Белгазпрамбанкам". Пра гэта ў эфіры тэлеканала АНТ заявіў кіраўнік Нацбанка Павел Калаур. Пра перспектывы банка ў Беларусі пасля таго, што здарылася, Калаур сказаў наступнае:

"Пасля пэўных дыскусій з уласнікам мы маглі б сумесна вызначыцца з далейшым лёсам банка".

Па словах Калаура, найбольш востра расійскі бок адрэагаваў на прапанову Мінска актуалізаваць склад праўлення банка:

— Найбольш адчувальная была рэакцыя на тое першае рашэнне, калі мы прапанавалі разам з уласнікам актуалізаваць склад праўлення. Гэта рашэнне праіснавала некалькі дзён, мы яго адмянілі. Увядзенне часовай адміністрацыі — гэта як вымушаная мера. Зараз бакі асэнсоўваюць, як далей дзейнічаць у дадзенай сітуацыі, мы чакаем ад расійскага боку прапаноў па актуалізацыі праўлення, — заявіў Калаур.

Павышаная цікавасць уладаў да "Белгазпрамбанка" пачалася пасля таго, як пра свае прэзідэнцкія амбіцыі абвясціў Віктар Бабарыка, які кіраваў банкам 20 гадоў. Хоць паводле афіцыйнай версіі пад банк ўлады даўно капалі, і "з-за шэрагу прычын" атрымалі пацвярджаючую інфармацыю аб злачынствах яго супрацоўнікаў толькі ў снежні 2019 года.

Праз паўгода, 11 чэрвеня, падчас прэзідэнцкай кампаніі, па справе банка пачаліся затрыманні. У СІЗА КДБ трапілі яго супрацоўнікі і прадстаўнікі кампаній, якія цесна супрацоўнічалі з "Белгазпрамбанкам". Таксама быў арыштаваны сам прэтэндэнт у прэзідэнты Віктар Бабарыка разам са сваім сынам Эдуардам. Іх абвінавачваюць у адмыванні грошай, нявыплаце падаткаў, дачы і атрыманні хабару і махлярстве.

15 чэрвеня кіраўніком часовай адміністрацыі "Белгазпрамбанка" стала былая кіраўніца Нацбанка Надзея Ермакова. "Газпрам" назваў гэтыя дзеянні Нацбанка супрацьзаконннымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі