Каля symbal.by затрымлівалі студэнта, які наладзіў выраб дэталяў СІЗаў і ШВЛ
Каля крамы symbal.by увечары 23 чэрвеня затрымалі больш за дзясятак чалавек, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".
Вядомыя імёны некалькіх з іх: Аляксандр Кузняцоў, Ілля Дземчанка, Аляксандр Паплаўскі, фотакарэспандэнт БелаПАН Андрэй Шаўлюга, Аляксандр Райчонак, Ігар Сурынін і яшчэ больш за пяць чалавак.
Аляксандр Кузняцоў, якога затрымалі амапаўцы, — студэнт-наватар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён вядомы тым, што разам з сябрамі падчас пандэміі каранавіруса наладзіў за ўласныя грошы выраб дэталяў сродкаў індывідуальнай абароны і апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх на 3D-прынтарах. Пра Кузняцова паведамлялі ў тым ліку дзяржаўныя СМІ і сайт БДУ.
Як распавядала Еўрарадыё, учора Павел Белавус абвясціў, што крама symbal.by зачыніцца 29 чэрвеня, бо не вытрымлівае ціску з боку дзяржаўных органаў. Ён абвясціў распродаж тавару. Пасля гэтага ў краму пацягнуліся пакупнікі. Месца ўсім не хапіла, і чарга пакупнікоў выцягнулася на вуліцу. Праз нейкі час да крамы прыехалі амапаўцы і пачалі хапаць пакупнікоў. Афіцыйная версія затрыманняў: чарга замінала выехаць аўтамабілю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.