Калякін падасць дакументы ў ЦВК на гадзіну раней за Гайдукевіча
Палітыкі пачынаюць рэгістраваць свае ініцыятыўныя групы на прэзідэнцкіх выбарах.
Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі пачынаюць падаваць дакументы на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных групаў. Першым пра гэта заявіў лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч. Як паведамляла Еўрарадыё, ён падасць у ЦВК дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы а 12-й гадзіне ў сераду, 15 ліпеня.
Як напісаў у Facebook адзін з лідараў Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Дзмітрый Яненка, старшыня партыі Сяргей Калякін (на здымку) падасць у Цэнтрвыбаркам спіс сваёй ініцыятыўнай групы 15 ліпеня а 11-й гадзіне г. зн. на гадзіну раней.
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 11 кастрычніка.
Фота: Еўрарадыё