Кампанія "Права выбару": Найбольшая датэрміновая яўка — 20%
Незалежная кампанія назірання "Права выбару" абвяргае афіцыйную статыстыку датэрміновага галасавання.
Як паведамлялася раней, паводле інфармацыі ЦВК у датэрміновым галасаванні на мясцовых выбарах прынялі ўдзел 34,95% выбарцаў.
Каардынатар кампаніі "Права выбару" Алесь Сілкоў называе яўку фальсіфікаванай. Па яго словах, самую вялікую яўку выбарцаў на датэрміновае галасаванне назіральнікі зафіксавалі на Вішнявецкай акрузе №40 у Магілёўскі албвыканкам — 20%.
Аналітык кампаніі назірання Леў Марголін мяркуе, што ўлады называюць нерэальныя лічбы датэрміновага галасавання: "Безумоўна, гэта можа быць трэніроўка да прэзідэнцкіх выбараў. У нас кожныя выбары — гэта трэніроўка да наступных. На мінулых, пазамінулых выбарах мы яшчэ не ведалі, што такое карусель. У нас былі прыпіскі на ўзроўні пратаколаў, укіды".
Марголін лічыць, што на з'яўленне "выбарчых каруселяў" магла паўплываць наяўнасць назіральнікаў: "Старшыні камісій не могуць, гледзячы ў вочы назіральнікам, якія сядзелі увесь дзень, проста дапісаць вялікую колькасць людзей".