Канадскі вытворца знайшоў свае дэталі на іранскіх дронах-камікадзэ
Абломкі беспілотнага лятальнага апарата (БПЛА) у Кіеве, кастрычнік 2022 года / Reuters
Дэталі канадскай кампаніі Tallysman Wireless былі выяўленыя ў іранскіх дронах-камікадзэ Shahed-136. Гэта высветліла ўкраінская няўрадавая арганізацыя Statewatch разам з незалежнай антыкарупцыйнай камісіяй. Следчыя выявілі ў іранскіх дронах кампаненты больш за 30 заходніх кампаній, у тым ліку дэталі антэны ад кампаніі Tallysman Wireless.
Прэзідэнт канадскай кампаніі Джайлс Пантэр прызнаў у каментары выданню The Globe and Mail, што следчыя не памыліліся. Па яго словах, кампанія "з болем усвядоміла", што некаторымі яе кампанентамі "злоўжываюць у складаных ваенных сістэмах навядзення" падчас вайны Расіі супраць Украіны. Пры гэтым ён падкрэсліў, што "Tallysman стоадсоткава адданая падтрымцы Украіны перад абліччам расійскай агрэсіі".
Кампанія не прадае сваю прадукцыю ў Іран ці Расію. Больш за тое, Talisman не пастаўляе свае дэталі і трэцім бакам, якія гандлююць з краінамі, падлеглымі санкцыям. Пантэр выказаў здагадку, што часткі антэны патрапілі ў Іран праз дыстрыб'ютараў, якія выкарыстоўвалі фэйкавыя кампаніі, каб утоіць свае намеры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.