Канчатковы праект стадыёна “Дынама” так і не дамалявалі

Серыял пад назвай “Рэканструкцыя стадыёна “Дынама” заблытаўся яшчэ больш. Аказваецца, канчатковы выгляд стадыёна за больш як два гады так і не вызначылі.

Нагадаем, што ў 2012-ым годзе ператвараць арэну даручылі венгерскай кампаніі “Грабаплан”. Падпісваліся нейкія дамовы, абвяшчаліся сумы, прэсе паказалі праект. У выніку венграў прагналі: беларускі бок не задаволілі ўмовы крэдытавання. Замежнікі са свайго боку прыгразілі судом.

У 2013-ым годзе правялі конкурс дызайн-праектаў. Перамагла нямецкая кампанія GMP, “срэбра” і “бронзу ” ўзялі беларускія канторы. Усім пераможцам выплацілі па 70 тысяч долараў і таксама ўсіх адправілі з мірам.

Блытаніна з праектам рэканструкцыі працягнулася.

Стадыён вырашылі рабіць не футбольным, а лёгкаатлетычным. Выгляд арэны вызначыла прадпрыемства “Мінскпраект”. Вырашылі нават захаваць асвятляльныя мачты, якія негалосна маюць гістарычную вартасць. Беларусам паказалі, як тады здавалася, канчатковы малюнак праекта.

І вось, Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама абвяшчае на травень гэтага года тэндэр: шукаюць арганізацыю, якая за 240 тысяч долараў… спілуе асвятляльныя мачты. Праз два дні тэндэр прыпынілі.

Дырэктар “Дынама” Алег Курчэўскі не змог адказаць Еўрарадыё на пытанне, ці застануцца старыя мачты. Не ведаюць гэтага і ва Упраўленні капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама.

Такое ўражанне, што цягам рэканструкцыі адказных людзей штарміць, а папяровай працы пакуль робіцца больш, чым непасрэдна будаўнічай.

У канцы сакавіка Мінкульт выдаў пастанову №16, дзе трыбуны і падтрыбунныя памяшканні “Дынама” перасталі уяўляць культурную вартасць.

“Ці азначае гэта, што гістарычныя сцены “Дынама” таксама можна руйнаваць?” ― цікавімся ў Людмілы Шыраковай, кампетэнтнага спецыяліста Міністэрства культуры.

Аркада стадыёна Дынама (так правільна называюць гістарычныя дынамаўскія сцены, ― заўв. Еўрарадыё) і ўваходныя аркады застануцца. А вось трыбуны, дзе стаялі крэслы, гэта ўсё заменяць на больш сучаснае, таму са спісу іх выключылі”, ― тлумачыць Людміла Шыракова.

Таксама спецыяліст патлумачыла, што асвятляльныя мачты не з’яўляюцца гістарычнай каштоўнасцю, таму таксама могуць быць дэмантаваныя.

Пра гэтае не многія ведаюць, але ў афіцыйных дакументах прапісана, што “Дынама” стаіць…на касцях. Стадыён будавалі на тэрыторыі яўрэйскіх могілак, закрытых яшчэ ў 1883-ім годзе. Паводле Пастановы Мінкульта, тэрыторыя могілак складае ажно 1,6 гектара. На стадыёне яны намінальна пазначаныя паркавай зонай па правы і левы бакі ад уваходнай аркады (з боку вуліцы Кірава).

 

Цягнуцца могілкі да заасфальтаванага трэніровачнага поля, дзе выхоўваўся Аляксандр Глеб. Але гэтая паркавая тэрыторыя на вока куды меншая за 1,6 гектара. А будаўнічыя працы сёння вядуцца амаль паўсюль і закранаюць паркавую тэрыторыю. Прысутнасць яўрэйскіх могілак, хутчэй, сімвалічная. Падобна на тое, што памятныя знакі тут ставіць ніхто не збіраецца, як і ахоўваць памяць пахаваных людзей.

Тут знаходзіліся яўрэйскія могілкі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі