Кандыдаты ў прэзідэнты адмовяцца ад тэледэбатаў?

Патэнцыйныя кандыдаты хочуць сустрэцца на тэледэбатах з дзеючым прэзідэнтам. Калі ж Лукашэнка дэбаты праігнаруе, то Рымашэўскі паспрабуе дамовіцца з усімі астатнімі прэтэндэнтамі, а Міхалевіч і Кастусёў пойдуць спрачацца паміж сабою. Еўрарадыё вырашыла даведацца, з кім хочуць дэбатаваць кандыдаты ў прэзідэнты.

Так, Віктар Цярэшчанка іншага спарынг-партнёра, акрамя дзеючага прэзідэнта, для сябе не бачыць:

Віктар Цярэшчанка: "Абмяркоўваць тую ці іншую тэму мне хацелася б з прадстаўніком уладаў. Навошта мне Кастусёў ці Саннікаў? Што я ад іх магу пачуць? Ніхто акрамя мяне не ўдзельнічаў у распрацоўцы дзяржаўных праграм. Ніхто не валодае пэўнай эканомікай сітуацыі. Ніхто нічога не прапанаваў, з Някляевым уключна.

Раманчук эканаміст па адукацыі, але не па працы. А я хачу размаўляць з прадстаўнікамі ўладаў, якія мусяць адказаць, чаму дзейнічалі так ці па-іншаму. Чаму яны дапусцілі дэфолт, схаваны ад народа. Хто мне можа адказаць, Раманчук ці Саннікаў? Ніхто не можа адказаць".


Цікава, што Яраслаў Раманчук прытрымліваецца прыкладна той жа думкі:

Яраслаў Раманчук: "Адзіны чалавек, з якім трэба дыскутаваць, бо ён завёў краіну ў тупік — Аляксандр Лукашэнка. Без яго дэбаты губляюць сэнс! І гэта ўжо будуць не дэбаты, а папросту прадстаўленне апазіцыі".

Сапраўды, дэбаты ёсць тады, калі ёсць розныя погляды на сітуацыю. Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў у сваіх поглядах з большага сыходзяцца. Але, напрыклад, Алесь Міхалевіч знойдзе пра што паспрачацца з кожным з кандыдатаў:

Алесь Міхалевіч:
"Зразумела, у ідэале гэта быў бы дзеючы кіраўнік дзяржавы. Але ёсць тое, у чым мае погляды сыходзяцца з кожным кандыдатам, і тое, у чым розняцца. І часам даволі кардынальна".

Уладзімір Някляеў хоча дэбатаваць толькі з Лукашэнкам і толькі ў жывым эфіры. Але паколькі дэбаты збіраюцца паказваць у запісу, паэт-кандыдат іх праігнаруе і заклікае іншых прэтэндэнтаў абвесціць ім байкот.

Уладзімір Някляеў: "Павінна быць агульнае патрабаванне жывога эфіру. А калі мы гэтага не дасягаем — дык усе разам ад дэбатаў адмаўляемся. Але такога не будзе, таму што прыкладна траціна з тых, хто зараз змагаецца за, так бы мовіць, выхад у плэй-оф, гатовыя на ўсё, абы "засвяціцца" на тэлебачанні, абы пра іх дазналіся".

Натуральна, у асноўным гэта датычыцца маладых, "неабстраляных" патэнцыйных кандыдатаў. Але знайшоў бы з кім падыскутаваць на Першым нацыянальным і Рыгор Кастусёў:

Рыгор Кастусёў: "Немэтазгодна ўдзельнічаць у дэбатах з кандыдатамі, чые погляды да нас блізкія. Якая паміж намі можа быць спрэчка? Калі Лукашэнка браць удзелу ў дэбатах не будзе, я гатовы выклікаць на дэбаты Някляева, Саннікава, Раманчука".

Больш за ўсіх інтрыгі пакінуў наконт свайго ўдзелу ў тэледэбатах Андрэй Саннікаў:

Андрэй Саннікаў:
"Я пакуль што не ведаю, як будуць арганізаваныя тэледэбаты, таму нічога сказаць пра свой удзел у іх не магу".

Віталь Рымашэўскі лічыць, што ісці на тэледэбаты варта нават без Лукашэнкі. Але, каб дэмакраты не пасварыліся паміж сабой перад тэлекамерамі, трэба папярэдне сустрэцца і ўсё прадумаць.

Віталь Рымашэўскі: "Мы выйдзем з такой прапановай: сустрэцца ўсім кандыдатам перад дэбатамі і прадумаць фармат удзелу. Таму што выстаўляць дэмсілы як расколатыя, разбітыя, якія сварацца паміж сабою — гэта ізноў жа будзе на карысць Лукашэнкі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі