Канфіскаваныя ў нецвярозых кіроўцаў аўто паралізавалі штрафстаянкі
Два гады таму ў Беларусі пачалі канфіскаваць аўтамабілі ў нецвярозых кіроўцаў. Закон гэты набыў моц 24 кастрычніка 2013 года. І вы ведаеце, колькі з таго часу канфіскавалі машын? Толькі ў 2014 годзе — амаль 2500! А што далей было з канфіскаванымі аўто?
Схема вядомая: злавілі цягам года другі раз нецвярозым за рулём — справа ідзе ў суд — рашэнне аб канфіскацыі — ацэнка аўтамабіля спецыяльнай камісіяй — аўкцыён. Але пакуль справа да суда, машыну вязуць на штрафстаянку. І вось тут пачынаецца цікавае. Пакуль справа дойдзе да суда, а потым — да аўкцыёну, можа мінуць не тое, што некалькі тыдняў — месяцы. Што прыводзіць да праблем ва ўладальнікаў штрафстаянак. Да прыкладу, на стаянцы па вуліцы Пінскай у Мінску са 100 парковачных месцаў 68 занятыя менавіта такім канфіскатам. Уладальнік стаянкі праз гэтага нібыта нават думае закрывацца. Еду на Пінскую…
Знайсці на гэтай ціхай вулачцы штрафстаянку аказалася справай няпростай. Праходжу ўздоўж некага засмечанага пустыра за плотам з калючым дротам — за тым плотам відаць некалькі дзясяткаў бітых і раскурочаных машын. На тэрыторыі стаіць такая ж раскурочаная старожка, ні вартаўніка, ні якіх іншых прыкмет жыцця не бачна. Мясцовыя жыхары падказваюць: так, гэта сапраўды штрафстаянка. Вось гэтыя закінутыя аўтамогілкі?!
Набіраю кантактны нумар. “Стаянка тая ўжо закрылася, мы пераехалі на вуліцу Сямашкі. А машыны… яны ў стадыі пераезду”, — адказвае мне хлопец.
Іду ў пошуках адказаў пра прычыны закрыцця і лёс кінутых канфіскаваных аўто па новым адрасе. Знайсці, дарэчы, тую штрафстаянку на Сямашкі — яшчэ тая праблема. Ні табе ўказальнікаў, ні падказак. Палігон аўташколы, нейкая здаецца зачыненая кафэшка, нейкі не то прыпынак, не то курылка, пластыкавая прыбіральня…
“Нічога я табе расказваць не буду і фатаграфаваць тут нельга! — катэгарычна сустракае мяне хлопец-ахоўнік. — Ты ведаеш, якія цяпер людзі? Я не хачу, каб мне за твой рэпартаж машыну ці кватэру спалілі! Хай вам начальнік расказвае і паказвае”. Дае нумар. Званю.
“Я больш справы з канфіскаванымі аўтамабілямі, дзякуй Богу, не маю! — адказвае на маё пытанне Сяргей. — Праз іх мне давялося звольніцца з пасады намесніка дырэктара стаянкі на Пінскай, і тут такіх машын няма”.
“Трагічную” гісторыю цяпер ужо былой штрафстаянкі на вуліцы Пінскай мне расказвае яе былы дырэктар Анатоль Пятровіч. Чаму трагічную? Бо праз тыя канфіскаваныя ў нецвярозых кіроўцаў машыны стаянка збанкрутавала. Няўжо прычына ў тых некалькіх месяцах, што машыны на іх стаянцы пастаялі?
“Некалькі гадоў большасць машын стаіць! — сумна махае рукой мой суразмоўца. — Па рашэнні суда гэтыя машыны ўжо адышлі гандлёваму дому “Усходні” (які рэалізуе канфіскаваныя машыны праз аўкцыён — Еўрарадыё). А гандлёвы дом хітрыць: у яго стаянак нібыта няма, вось яны машыны і не забіраюць. Хаця скажу вам шчыра: калі ў нас з’яўляўся добры канфіскаваны аўтамабіль, джып які ці яшчэ што нябітае, то ўжо на наступны дзень прыходзілі купцы з гандлёвага і адразу забіралі. А ўсё астатняе, што не каштуе і цэнта… Вось і атрымалася, што ўсе машыны, якія на Пінскай засталіся, а іх там каля 65, усе ўжо канфіскаваныя, але ў нас па 2-3 гады стаяць”.
Мала таго, што машыны столькі часу стаяць, але ж за іх, як высвятляецца, ніхто гаспадарам штрафстаянкі не плаціў! А тут яшчэ і гаспадар зямлі (мясцовая арганізацыя "Праектмэбля") павялічыла арэнду ў больш чым тры разы — з 14 да 52 мільёнаў, выставілі прэтэнзію на 168 мільёнаў. У выніку на пляцоўцы адключылі святло, ваду, супрацоўнікі пазвальняліся. Фірма — банкрут. А што чакае канфіскаваныя машыны на той стаянцы?
“Не ведаю нават… — адказвае Анатоль Пятровіч. — Мне яны не належаць — яны канфіскаваныя і перададзеныя таму ж гандлёваму дому “Усходні”. Але ў іх стаянкі забітыя! А чаму забітыя? Вы паглядзіце на іх цэны! “Жыгулі” стаяць разбітыя цалкам, і арыенціровачны кошт — 4 мільёны. Смешна, калі янаы 400 тысяч не каштуюць! Навошта такое некаму патрэбна? Калі сёння за 50 долараў табе пад пад’езд “на хаду” такую машыну прыганяюць! Вось таму іх стаянкі і забітыя”.
Называецца гэтая сітуацыя “Хацеў дзяржаве дапамагчы” — ніхто ад пачатку дзеяння закона аб канфіскацыі браць іх на стаянку не хацеў, і Анатоль Пятровіч, як “памочнік РУУС” падпісаўся. У выніку абанкруціўся. Не, пісаў, канечне, лісты і ў Генпракуратуру, і ў МУС, і ў Мінгарвыканкам, але выніку ніякага. “Адказ — маўчок”, — кажа. Судзіцца з ГД “Усходні” не збіраецца — сабе даражэй.
Канфіскаваныя машыны працягваюць чакаць свайго аўкцыёну на гарадскіх штрафстаянках, што падпарадкоўваюцца дзяржпрадпрыемству “Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі”. Да прыкладу, на вуліцы Панамарэнкі. Ці надоўга затрымліваюцца, пытаюся ў вартаўніка.
— Бывае, машыну забіраюць праз 2-3 тыдні, а бывае, што праз месяц, два, тры…
Еўрарадыё: Але надоўга не затрымліваюцца?
— Бывае, што і па паўгода стаяць! “Усходні” не забірае і ўсё — стаяць, месца займаюць.
І з усмешкай паказвае на джып “Мерседэс” на расійскіх нумарах: “Гэтая дакладна доўга не затрымаецца!” Відаць, гэтак жа, як і хутка быў канфіскаваны: у верасні — першае затрыманне кіроўцы нецвярозым, у кастрычніку — другое. Кліент гатоў.
Але як тут з аплатай парковачнага месца? Якое, дарэчы, каштуе 25 тысяч у суткі… Ніяк, ніхто не плаціць. Але, супакойвае начальнік юрыдычнай службы прадпрыемства Васіль Еўсіевіч, пытанне, здаецца, хутка атрымаецца вырашыць.
Васіль Еўсіевіч: “Ёсць ужо падпісаны кіраўніком краіны Указ, які рэгламентуе гэты парадак: там вызначана, хто адказвае, хто з’яўляецца ўпаўнаважаным органам, як ставіцца на ўлік… Але Указ для службовага карыстання, і я з вамі не магу пра яго весці размову. У прынцыпе, засталося зрабіць няшмат: заключыць дамовы, і ўсё гэта будзе аплачвацца”.
З кім заключыць тыя дамовы, я так і не зразумеў. Але важна тое, што аплачвацца час стаянкі будзе з рэспубліканскага бюджэту. Калі ўлічыць, што грошы ад прададзеных канфіскаваных аўто ідуць у той жа бюджэт, гэта нармальна. Галоўнае, каб тыя машыны прадаваліся, а не стаялі месяцамі на штрафстанках, “накручваючы лічыльнік”. “Цэннік стаўце рэальны, — раіць Анатоль Пятровіч, — а бітыя машыны лепш у Гатава на металалом адпраўце — больш карысці будзе!” Ну, паглядзім… Бо пакуль такі “канфіскат” толькі выгляд і стаянак, і горада псуе.
Фота: Змітра Лукашука