Канфлікт АМАП і кампаніі маладзёнаў у Новы год: версія пацярпелай, сведкі, СК
Акторка Святлана Сакалоўская сцвярджае, што ў навагоднюю ноч супрацоўнік мінскага АМАП ні за што, ні пра што спачатку ўдарыў яе па руцэ дзвярыма службовага аўтобуса, а пасля — дубінкай па галаве. Дзяўчына хацела адсвяткаваць Новы год ля святочнай ёлкі побач з “Чыжоўка-Арэнай”, а ў выніку трапіла ў Бальніцу хуткай медычнай дапамогі са страсеннем мазгоў.
У Следчага камітэта — свая версія таго, што адбылося. Афіцыйная прадстаўніца СК Юлія Ганчарова у размове з Еўрарадыё ўстрымліваецца ад каментарыяў, падкрэсліваючы, што выпадак складаны і неадназначны. Спікерка Следчага камітэта кажа, што сяброўкі Святланы былі нападпітку, — за гэта іх затрымалі ў навагоднюю ноч і пазней і пакаралі штрафамі.
У адным з нефармальных каментарыяў у “Фэйсбуку” Ганчарова заўважае, што “акторка жывая і здаровая, і дубінкай яе ніхто не біў”, і абяцае разабрацца ў сітуацыі:
Паспрабуем разабрацца і мы.
“Канцэрт заканчваецца праз пяць хвілін, вам там няма чаго рабіць”
Святлана Сакалоўская (гэта сцэнічны псеўданім дзяўчыны, сваё сапраўднае прозвішча яна называць не хоча) сустракала 2018 год у мамінай кватэры ў Чыжоўцы, а пасля пайшла пагуляць са сваім хлопцам Аляксандрам і трыма сяброўкамі. Шлях да ёлкі, што стаяла перад “Чыжоўка-Арэнай”, заняў каля гадзіны. Навокал выбухалі салюты, усім было весела і нішто не абяцала бяды.
Пляцоўка для святкавання была абнесеная міліцэйкім кардонам. Па словах Святланы, маладыя людзі вырашылі пачакаць, пакуль людзей за агароджай стане менш, а пасля прайсці ў святочную зону. Адна з сябровак тым часам паехала дадому.
Прыкладна ў 3:55 астатнія падзяліліся на пары і з розных бакоў паспрабавалі патрапіць да ёлкі. У Аляксандра і адной з сябровак Святланы гэта атрымалася. У самой актрысы і яшчэ адной яе сяброўкі — не: на ўваходзе іх спыніў супрацоўнік АМАП.
“На выгляд ён быў вельмі малады. Магчыма, ён нават першы раз на такую справу выйшаў, і адчуваў, што выконвае нейкае важнае прызначэнне. Ён тлумачыў нам: "Канцэрт заканчваецца праз пяць хвілін, вам там няма чаго рабіць"”, – распавядае Еўрарадыё Святлана Сакалоўская.
У Святланы ўзялі аналіз крыві на алкаголь. Вынік адмоўны
Чаму маладыя людзі вырашылі падыходзіць да ёлкі з розных бакоў? “Проста так падзяліліся”, — тлумачыць Еўрарадыё Аляксандр. Па яго словах, алкаголю ў кампаніі з сабой не было.
Пазней, калі Святлана Сакалоўская ўжо знаходзілася ў лякарні, у яе ўзялі аналіз на ўтрыманне алкаголю ў крыві. У заключэнні, якое даў доктар, ні слова пра алкаголь няма:
Але, як стала вядома Еўрарадыё з неафіцыйных крыніцаў, у СК лічаць, што канфлікт паміж АМАПаўцам і маладымі людзьмі ўзнік менавіта праз алкаголь, які яны спрабавалі пранесці ў святочную зону. Магчыма, трапіць да ёлкі з алкаголем не атрымалася раней, калі кампанія толькі прыйшла да “Чыжоўка-Арэны”. Міліцыянты запомнілі дзяўчын і не прапусцілі іх, калі яны паспрабавалі прайсці на свята ў другі раз.
“Вы не ўяўляеце сабе, як балюча, калі аж да мяса ламаецца пазногаць”
Так ці інакш, у пэўны момант АМАПаўцу надакучыла спрачацца з дзяўчынамі, і ён павёў сяброўку Святланы да службовага аўтобуса. Туды ж на шум прыйшлі Аляксандр і дзяўчына, якая была з ім. Святлана паспрабавала абараніць сяброўку і інстынктыўна зазірнула ў бус.
“Я проста зазірнула туды — дзе яна там і што. Ну, разумееце, па інэрцыі. І інстунктыўна выцягнула руку наперад, — распавядае Святлана. — Калі АМАПавец гэта ўбачыў, ён ад злосці аж зубы сціснуў. І дзвярыма ўзяў так, і бразнуў. Магчыма, перад маім носам хацеў іх зачыніць, але ў мяне рука была наперадзе, і ён трапіў па ёй. Вы не ўяўляеце сабе, як балюча, калі аж да мяса ламаецца пазногаць. Гэта так балюча… Я ад болі думала, што ў мяне ўжо рукі няма”.
Далей падзеі разгортваліся як у дрэнным баевіку. Хлопец Святланы звярнуўся да чалавека, якога ён палічыў начальнікам прысутных на месцы АМАПаўцаў, і спытаў прозвішча крыўдзіцеля сваёй дзяўчыны. Замест адказу Аляксандра таксама затрымалі. Святлана пабегла да дзвярэй аўтобуса, які ўжо з’язджаў. І тут адчула моцны ўдар па галаве ззаду. Як мяркуе дзяўчына, нехта (магчыма, той жа самы АМАПавец, які затрымліваў яе сяброўку) ударыў яе дубінкай.
Хто гэта быў, дакладна не ведае ні Святлана, ні Аляксандр, які ў той час сядзеў у аўтобусе. Хлопца выпусцілі з аўтобуса, каб ён завёз яе ў бальніцу. У дзяўчыны дыягнаставалі страсенне мазгоў.
Ніякай справы супраць акторкі распачата не было
З бальніцы маладыя людзі выйшлі толькі а 7-й раніцы — навагодняя ноч была незваротна сапсаваная. Святлана зняла пабоі і звярнулася з заявай у міліцыю. Следчы камітэт пачаў праверку.
Па словах акторкі, дзвюх сябровак, якія былі з ёй у навагоднюю ноч, усё ж затрымалі. Да 3 студзеня яны прасядзелі ў міліцэйскім ізалятары ў чаканні суда. У выніку іх пакаралі штрафамі за адміністрацыйнае правапарушэнне.
Але, наколькі Святлана ведае, ніякай справы супраць яе самой распачата не было. Атрымліваецца, яна ў любым выпадку ні ў чым не вінаватая, але пацярпела больш за ўсіх.
Не было ў праваахоўнікаў прэтэнзіяў і да Аляксандра, які — нагадаем — нават паспеў пасядзець у міліцэйскім аўтобусе. Хлопец кажа, што за месяц, які ідзе праверка, следчыя не патурбавалі яго ніводнага разу, хаця ён на свае вочы бачыў амаль усё, што адбывалася.
Выпадкам займаецца ўжо чацвёрты следчы
Вынікі праверкі, якую праводзіць Следчы камітэт, мусілі быць гатовыя 1 лютага. Але Сакалоўская паведаміла Еўрарадыё, што разбіральніцтва працягнутае яшчэ на 2 месяцы.
“Тэлефанавала сёння ў камітэт. Федарэнка [старшая следчая СК. — Еўрарадыё] мне паведаміла, што тэрмін разгляду справы працягнуты на два месяцы”, — распавяла Еўрарадыё Сакалоўская.
Па словах дзяўчыны, яе выпадкам займаецца ўжо чацвёрты следчы. Прозвішча першага — Аскераў, другога — Несцяровіч, а як завуць трэцяга, ёй не сказалі. Адзін раз разбіральніцтва ўжо было працягнутае. Паведамляючы пра гэта, ужо чацвёртая следчая памылілася ў даце:
Капітан юстыцыі А.А. Федарэнка, якая зараз займаецца праверкай, не стала каментаваць разбіральніцтва і парэкамендавала Еўрарадыё звярнуцца ў прэс-службу Следчага камітэта. Там ад разгорнутых каментарыяў пакуль што ўстрымліваюцца, падкрэсліваючы, што выпадак складаны і неадназначны.