Канстытуцыйны рэферэндум у Арменіі: прэзідэнт страціць паўнамоцтвы?
6 снежня ў Арменіі адбудзецца канстытуцыйны рэферэндум. Калі жыхары прагаласуюць за канстытуцыйныя змены, краіна пяройдзе да прапарцыйнай сістэмы парламенцкіх выбараў (цяпер мажарытарная), паўнамоцтвы прэзідэнта значна звузяцца, а парламента — пашырацца. Фактычным кіраўніком дзяржавы стане прэм’ер-міністр, ён будзе і галоўнакамандуючым. А прэзідэнт будзе выконваць сімвалічную ролю і абірацца радай выбаршчыкаў з ліку дэпутатаў.
На думку армянскага палітолага Аляксандра Макарава, узнікае пытанне, наколькі мэтазгодная канцэнтрацыя ўлады ў руках адной асобы.
Практыка паказала, што пры цяперашняй сістэме ніводная партыя не атрымлівала больш за 40% галасоў. Такім чынам, новая сістэма дазволіць пазбягаць канцэнтрацыі ўлады ў руках адной асобы ці адной палітычнай сілы.
“Гэты пераход дазваляе адлюстраваць праблемы і жаданні, якія дастаткова доўга агучвала апазіцыя, калі казала пра неабходнасць пераходу да прапарцыйнай выбарчай сістэмы і парламенцкай формы праўлення. Такім чынам улады паспрабавалі прыцягнуць у палітычны працэс і апазіцыю”, — кажа палітолаг.
Сярод апазіцыі ёсць палітычныя сілы, якія не падтрымліваюць новую канстытуцыю, яны кажуць, што гэта проста новы спосаб для палітыкаў захаваць сваю прысутнасць ва ўладзе. Але новая канстытуцыя мусіць, наадварот, падзяліць уладу паміж рознымі партыямі.
Палітолаг Амаяк Аванісян мае іншую пазіцыю. Ён звяртае ўвагу на тое, што новая канстытуцыя прадугледжвае два туры парламенцкіх выбараў.
Калі падчас першага тура адна партыя не атрымае большасці галасоў, будзе другі тур. Так будзе дасягацца стварэнне ў парламенце пераважнай палітычнай большасці, якая фактычна можа мець манаполію на ўладу.
Палітолаг параўноўвае такую сістэму з той, што была ў краінах Усходняй Еўропы ў эпоху сацыялізму. Там партыі, што былі ў меншасці, мелі “кішэнны” характар.
Акрамя таго, паводле новай канстытуцыі вярхоўным галоўнакамандуючым будзе прэм’ер-міністр.
“Ва ўмовах, калі няма кантрактнай арміі і гэта грамадзянскі абавязак народа, людзі псіхалагічна настроеныя выконваць загады вярхоўнага галоўнакамандуючага, якога яны выбралі, які з’яўляецца выбраным прэзідэнтам краіны, а не прызначанай асобай”, — тлумачыць Амаяк Аванісян.
Для людзей, якія жывуць у нестабільным рэгіёне, гэта вельмі важны момант. У тым ліку праз яго пэўная колькасць насельніцтва выступае супраць рэформы.
Супраць канстытуцыйных зменаў выступілі і былыя прэзідэнты Арменіі Роберт Качаран і Левон Тэр-Петрасян. Апошні заявіў, што з дапамогай рэферэндуму дзейнае кіраўніцтва спрабуе застацца ва ўладзе.
Тым часам на вуліцах Ерэвана ладзяцца кругласутачныя пратэсты. Ініцыятыва “Новая Арменія” заклікае не толькі адмяніць рэферэндум, але і правесці датэрміновыя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары.
Галоўнае фота: РІА “Новости”/ Аляксей Кудзенка