Канстытуцыйны суд не знайшоў парушэнняў закона ў дэкрэце "аб дармаедстве"

Канстытуцыйны суд не знайшоў парушэнняў закона ў дэкрэце "аб дармаедстве"

Парушэнняў закона ў дэкрэце №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" не выяўлена. Пра гэта Канстытуцыйны суд паведаміў на сваім сайце ў адказ на электронныя звароты грамадзян з просьбай праверыць канстытуцыйнасць дэкрэта.

Перш-наперш у Канстытуцыйным судзе падкрэслілі, што ініцыяваць праверку таго ці іншага закону на канстытуцыйнасць маюць права не грамадзяне, а толькі прэзідэнт, Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны суд і Саўмін. Грамадзянам раяць звяртацца ў гэтыя органы, калі яны лічаць, што іх канстытуцыйныя правы былі парушаныя. 

Што датычыць самога дэкрэта №3, дык у ім суд пабачыў адпаведнасць 56-му і 133-му артыкулам Канстытуцыі, якія патрабуюць ад грамадзян удзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. 

"Ацэньваючы канстытуцыйнасць законаў, якiя прадугледжвалi ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь (у частцы аднясення збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў, уведзенага Дэкрэтам, да рэспубліканскіх падаткаў, збораў (пошлiнаў)) і ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (у частцы замацавання адміністрацыйнай адказнасці за нявыплату або няпоўную выплату названага збору), Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што такое прававое рэгуляванне грунтуецца на палажэннях артыкулаў 56 і 133 Канстытуцыі і накіравана на выкананне абавязку плаціць законна ўсталяваныя падаткi, пошлiны i iншыя плацяжы. Выплата падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў з'яўляецца безумоўным патрабаваннем дзяржавы, што вынікае з канстытуцыйнага абавязку кожнага прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў (артыкул 56 Канстытуцыі)", — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама Канстытуцыйны суд заяўляе, што не выявіў у дэкрэце "прабелаў, калізій і прававой недакладнасці, якія маюць канстытуцыйна-прававое значэнне і з'яўляюцца падставай для ўзбуджэння Канстытуцыйным Судом справы".

Дэкрэт №3, больш вядомы як "дэкрэт аб дармаедстве", выклікаў абурэнне ў грамадзян Беларусі. У розных гарадах краіны адбыліся шматлікія вулічныя акцыі пратэсту супраць дэкрэту. Пакуль што людзей не спыніла нават тое, што кіраўнік дзяржавы ўвёў мараторый на дзейнасць гэтага дэкрэта і адклаў выплату збора па ім на 2018 год. 

Бліжэйшая акцыя пройдзе сёння, 15 сакавіка, у Мінску. Мінгарвыканкам дазволіў збор у 17.30 на Акадэміі навук, адкуль шэсце пройдзе на плошчу Бангалор.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі