Карлсан загаварыў па-беларуску

Ён стаў паліць люльку, перастаў есці сочыва і набыў беларускія рысы характару Шведскі Карлсан загаварыў па-беларуску, дзякуючы ініцыятыве “Кнігі поштай”.
У адрозненне ад савецкага ён, як у арыгінале Астрыд Ліндгрэн, паліць люльку, але нават не згадвае сочыва з клубніцаў. Пра гэта распавядае кіраўнік праекту Алесь Яўдаха:

Яўдаха:
Але не скажу, каб арыгінальны Карлсан быў нейкім пачварным ці шкодным для дзетак. І тыя на першы погляд заганы, бо ён ёсць такім, якім яго задумаў аўтар.

Ініцыятар перакладу “Малога і Карлсана-з-даху” лічыць гэтага персанажа пазітыўным:

Яўдаха: А тыя на першы погляд заганы, якія мае Карлсан: крыўдлівасць, свавольства – гэта рысы, якія ёсць ва ўсіх дзетак.

На пытанне, чаму менавіта Карлсан, Алесь Яўдаха адказвае, што на гэтым героі выхоўваліся тыя, хто ставараў беларускі пераклад. Сучасныя дзеці, магчыма, ужо не глядзяць савецкіх мультфільмаў:

Яўдаха: Таму вельмі хацелася б далучыць іх да сусветнай класікі менавіта па-беларуску.

Аднак падчас працы над праектам максімальна імкнуліся адыйсці ад стэрэатыпнага “савецкага” Карлсана. Герой стаў не толькі больш шведскім, але і больш беларускім, відаць таму, што малявала яго беларуская мастачка Марына Рудзько:

Яўдаха: Таксама мы адмовіліся ад ідэі выкарыстоўваць арыгінальныя ілюстрацыі, каб дадаць Карлсаны і астатнім героям акурат беларускія рысы. Наш беларускі Карлсан атрымаўся больш добразычлівым і, можа быць, дзіцячым. Вонкава і па характары.

Гэтай добразычлівасці і мяккасці любімаму з дзяцінства герою, які жыве на стакгольскім даху, дадала і беларуская мова.

Яўдаха: Наколькі я ведаю, перакладчык быў у захапленні. Тэкст перакладаўся лёгка, а дзякуючы геніяльнасці Астрыд Ліндгрэн гэта было яшчэ і прыемна.

Дарэчы, кніжка пра Малога і Карлсана выдадзеная абсалютна легальна. Алесь Яўдаха кажа, дазвол на пераклад твора каштаваў невялікіх грошай. Дарэчы, падтрымліваў і дапамагаў паразумецца са шведскім бокам Стэфан Эрыксан – амбасадар Швецыі ў Беларусі.

Ініцыятыва “Кнігі поштай” плануе выдаць і астатнія часткі Карлсана. А затым узяцца за іншую сусветную дзіцячую класіку – казкі Андэрсэна і братоў Грым.

Яўдаха: Кнігі зараз знаходзяцца ў пройгрышным становішчы, але калі кніжка пра Карлсана разварушыць гэты рынак, мы будзем вельмі ўсцешаныя. Прынамсі, мы на гэта спадзяемся.

Алесь Яўдаха кажа, што Карлсанам выдаўцы хацелі даць сігнал сучасным беларускім аўтарам, каб тыя больш пісалі, у тым ліку для дзяцей.

Усім сваім слухачам аўдыёўрывак з “Малога і Карлсана-з-даху” Еўрарадыё падорыць на Стары Новы год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі