КДБ Беларусі падрабязна раскажа пра гучную "цукровую справу"
4 лютага падчас наведвання Добруша Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў гучную "цукровую справу". У канцы студзеня зніклі дырэктары некалькіх цукровых заводаў, некаторых з іх знялі з самалёта, які ляцеў у Германію. Па неафіцыйнай інфармацыі, было затрымана 11 чалавек. На мінулым тыдні генпракурор Аляксандр Канюк заявіў, што "цукровая справа" мае дачыненне да "знешняй дэбіторскай запазычанасці".
"Яны стварылі ў Маскве "пракладку" — гандлёвы дом, — цытуе словы Лукашэнкі тэлеграм-канал Пул Першага. — Паставілі туды сваіх [людзей]. З заводаў па дэмпінгавых цэнах прадавалі гандлёваму дому беларускі цукар".
Далей павялічвалася цана на цукар і яго прадавалі на рынку. А розніцу, якая атрымлівалася, "хабарамі аддавалі дырэктарам заводаў", распавёў кіраўнік дзяржавы.
"Мне даклалі, што за бясцэнак прадавалі гандлёваму дому гэты цукар, а частка па нейкай там павялічанай цане вярталася ў Беларусь, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Можа быць, цукар нават не вывозілі ў Маскву і назад не завозілі. А дакументы ішлі туды... ".
Аляксандр Лукашэнка анансаваў, што ў бліжэйшыя дні Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі падрабязна распавядзе пра гэтую справу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.