КДБ затрымаў гродзенскіх чыноўнікаў падчас атрымання хабару
За кратамі апынуліся начальнік землеўпарадкавальнай службы і начальнік гаспадарчага аддзела Гродзенскага гарвыканкама.
Як паведамляе прэс-служба КДБ Беларусі, чыноўнікі абяцалі заснавальніку аднаго з камерцыйных прадпрыемстваў Гродзеншчыны вырашыць пытанне з працягненнем права карыстання зямельным участкам. За гэта яны хацелі атрымаць 6 тысяч долараў. 2 тысячы з гэтай сумы прадстаўнік фірмы перадаў чыноўнікам у жніўні. Пры перадачы яшчэ 4 тысяч долараў яны былі затрыманыя супрацоўнікамі дзяржбяспекі.
Падчас ператрусу, праведзенага ў кабінеце аднаго з падазраваных, быў знойдзены канверт з 1000 доларамі. Чыноўнік не змог патлумачыць, адкуль ён узяўся.
У адносінах затрыманых распачата крымінальная справа па артыкуле "атрыманне хабару", іх пакінулі пад вартай. Праводзяцца далейшыя следчыя дзеянні, высвятляюцца іншыя магчымыя эпізоды хабарніцтва.
Фота — Fotolia