"Хакнуць сістэму": нашто беларусы робяць VR-тур па камеры і калькулятар тэрмінаў

Беларусы сабраліся на хакатон, каб зрабіць дапамогу палітвязням цікавейшай / Imaguru
Беларусы сабраліся на хакатон, каб зрабіць дапамогу палітвязням цікавейшай / Imaguru

Палітычныя зняволеныя ў Беларусі ўжо адседзелі больш за 2,7 тысячы гадоў на ўсіх — і ім засталося адседзець яшчэ больш за 5 тысяч гадоў. Гэта падлічылі ўдзельнікі хакатона, які 19 сакавіка прайшоў у хабе Imaguru ў Варшаве.

Айцішнікі, маркетолагі, перакладчыкі сабраліся, каб зрабіць дапамогу палітвязням цікавейшай. Не моршчыцеся, зараз растлумачым, чаму гэта важна.
 

Як гэта атрымалася?

Куратарка і сузаснавальніца праекта Politzek.me Іна Кавалёнак хацела сабраць каманду людзей, якія дапамаглі б ініцыятыве зрабіцца лепшай — і больш эфектыўнай. На сустрэчы, дзе Іна пітчыла сваю ідэю, выпадкова аказаліся прадстаўнікі Imaguru — і прапанавалі "Палітзэку" скарыстаць іх пляцоўку, каб знайсці спецыялістаў.

"Гэта быў "мэтч" [узаемнасць]. Усе вырашылі за 5 хвілін", — расказваюць у Imaguru.

Удзельнікам хакатона далі тры дні на тое, каб папрацаваць над дзесяццю праектамі, якія прапанаваў Politzek. Расказваем пра тыя, якія нам найбольш спадабаліся.
 

Колькі дзён да вызвалення

Нават сваякі палітвязняў не заўсёды ведаюць дату іх вызвалення. Бо недастаткова проста запомніць дзень затрымання і дадаць тэрмін, "выпісаны" суддзёй.

“Хакнуть систему”: зачем белорусы делают VR-тур по камере и калькулятор сроков
Хакатон у Imaguru / фота ад арганізатараў

Адна з каманд на хакатоне распрацоўвала калькулятар, які мог бы разлічыць дакладную дату вызвалення для кожнага палітвязня. Такі лічыльнік павінен быць інтэграваны на сайт Politzek.me.

Адзін з удзельнікаў праекта, Пётр, паўтара года сядзеў па справе гурта IRDORATH. Як і ва ўсіх зняволеных, на прымацаванай да адзення жоўтай бірцы ў яго была напісаная дата вызвалення. І ён ведае, пра што кажа, калі сцвярджае, што "дата вызвалення — гэта галоўнае, што ў цябе ёсць".

Трэба ўлічыць шмат параметраў, каб вылічыць гэтую дату. Мы пракансультаваліся з юрыстамі і паспрабавалі стварыць алгарытм, які ўлічыў бы ўсе гэтыя метрыкі.

Суды часам самі касячаць і няправільна вылічваюць дату вызвалення. Можа, яны таксама будуць карыстацца нашым калькулятарам?

Наогул, калонія — гэта свет, які нельга растлумачыць, калі ты ў ім не пабываў. Але можна павысіць узровень эмпатыі ў грамадстве ў тым ліку з дапамогай анлайн-праектаў, якія да таго ж яшчэ і не складана рэалізаваць.

Вось, напрыклад, звярніце ўвагу на праект, для якога хлопцы распрацоўваюць 3D-мадэль камеры на Валадарцы.
 

3D-мадэль камеры на Валадарцы і VR-тур

Пётр ужо бачыў гэтую 3D-мадэль. І камеру на Валадарцы знутры таксама бачыў. Падабенства пацвярджае.

Мы працавалі над укараненнем мадэлі камеры на сайт, каб людзі разумелі, дзе многія палітвязні праводзяць свае дні 24/7.

“Хакнуть систему”: зачем белорусы делают VR-тур по камере и калькулятор сроков
Хакатон у Imaguru / фота ад арганізатараў

Некалькі ложкаў, рукамыйніца, лямпачка на столі — карыстальнік зможа "пакруціць" камеру, наблізіць і аддаліць асобныя аб'екты ў ёй. А яшчэ распрацоўшчыкі прапануюць дадаць інтэрактыўнасці.

Патэнцыйна можна будзе гейміфікаваць гэтую камеру. Паглядзець, што значыць 20 чалавек у адной камеры на чацвярых. Або стварыць унікальны аватар для кожнага палітвязня і паглядзець на камеру з яго гледзішча. Убачыць яго распарадак дня, паглядзець на нататкі на сцяне, каб даведацца, колькі дзён гэты чалавек знаходзіцца ў зняволенні, або разгледзець кнігі, якія ён прачытаў.

А для поўнага пагружэння ў рэальнасць палітвязняў можна было б зрабіць VR-тур.

Сярод тых, хто працуе над гэтай 3D-камерай, — грамадзянін Казахстана.

Я сачыў за падзеямі ў вас у краіне, але цяпер, вядома, даведаўся больш. Ды і пра сам праект Politzek дазнаўся толькі цяпер. Тэма мне блізкая — у Казахстане яна таксама актуальная.
 

Каб гугл на запыт "палітвязень" выдаваў Беларусь

А яшчэ сайт Politzek.me мусіць зрабіцца зразумелым не толькі беларусам, але і замежнай аўдыторыі. Над гэтым працуе адна з каманд, і гаворка не толькі пра пераклад на англійскую.

Калі беларусу, які заходзіць на сайт, зразумела, што ён знойдзе ва ўкладцы "заданаціць", то замежніку яшчэ трэба растлумачыць, каму заданаціць і чаму. Удзельнікі каманды прааналізавалі, як гэтую задачу вырашаюць у іншых краінах — і ў краінах Азіі, і ў суседзяў Беларусі.

“Хакнуть систему”: зачем белорусы делают VR-тур по камере и калькулятор сроков
Хакатон у Imaguru / фота ад арганізатараў

— Пасля нядаўніх пратэстаў у Іране іх актывісты стварылі сайт, прысвечаны тэме палітвязняў. Мне вельмі спадабалася, як яны працуюць з гэтай тэмай, як расказваюць пра сябе. Было што падгледзець і ва ўкраінцаў — яны таксама эфектыўна працуюць з аўдыторыяй, — кажа ўдзельніца каманды. Мы, працуючы над сваёй часткай праекта, даем замежным карыстальнікам кароткія адказы на пытанні: "Хто такія палітвязні?", "Як пасябраваць з палітвязнямі?" А яшчэ падаем самыя яркія лічбы, якія могуць уразіць замежніка і растлумачыць яму, што адбываецца ў Беларусі. Адна з такіх лічбаў — колькі ў Беларусі палітвязняў.

Хлопцы працуюць і над тым, каб сайт Politzek.me лепш успрымаўся пошукавымі сістэмамі. Але гэта не значыць, што адразу пасля заканчэння хакатона гугл на запыт "палітвязень" будзе перадусім выдаваць карцінкі з Беларусі.

Шмат што залежыць ад таго, колькі людзей і як часта "гугліць" тэму палітвязняў у Беларусі. Трэба ўлічваць, што на англійскай мове палітвязняў і наогул Беларусь гугляць рэдка. Ды і тэма палітвязняў характэрная для не-англамоўных краін. Таму нам трэба прывесці людзей звонку: можна скааперавацца з сайтамі міжнародных арганізацый, дыпламатычных місій, праваабарончага цэнтра "Вясна".

Калі звярнуцца да досведу працы з камерцыйнымі праектамі, то можна спрагназаваць, што ўсё пачне "працаваць" праз тры-шэсць месяцаў, — тлумачаць у камандзе.
 

Стэндап пра палітвязняў у Цік-току

У праекта Politzek.me ужо паўтара мільёна праглядаў у Цік-току — і адна вялікая праблема. Сацсетка часта блакуе ролікі на гэтую тэму, бо лічыць яе "неадназначнай".

Здаецца, людзі перасталі звяртаць увагу на боль і проста прагортваюць ролікі, змест якіх можа быць для іх балючым.

І мы вырашылі зрабіць кантэнт больш жыццесцвярджальным. Адна з ідэй — залучыць стэндап-коміка, які і сам пабываў палітвязнем, але вызваліўся і з'ехаў з Беларусі. Ён будзе расказваць у роліках пра тое, што перажыў — але ў сваёй манеры, — расказвае нам яшчэ адна ўдзельніца хакатона Віёла.

“Хакнуть систему”: зачем белорусы делают VR-тур по камере и калькулятор сроков
Хакатон у Imaguru / фота ад арганізатараў

Каманда, якая працуе над раскруткай Цік-ток акаўнта, аб'ядналася з камандай, якая падчас хакатона занялася тэмай фандрайзінгу. Хлопцы вырашылі, што было б нядрэнна ўбудаваць у сайт Politzek.me анлайн-краму, у якой можна было б купляць рэчы, створаныя палітвязнямі.
 

Усё добра, але давайце пераробім

Яшчэ адна каманда звярнула ўвагу на тое, што сайт трэба перарабіць з папраўкай на тое, што мы даведаліся пра жыццё ў Беларусі за апошнія гады. Па-першае, каб людзі больш актыўна карысталіся сайтам Politzek.me, трэба дазволіць ім заставацца ананімнымі і асноўныя дзеянні рабіць без рэгістрацыі.

Па-другое, за апошні год мы даведаліся, што вельмі мала лістоў даходзіць да палітвязняў. Але ім усё яшчэ можна пісаць "адкрытыя лісты". А сваякі, якія пакуль яшчэ не страцілі "права на перапіску", змогуць убачыць усю гэтую падтрымку — і расказаць пра яе сваім блізкім.

Куратарка Politzek Іна Кавалёва паглядзела на тое, як удзельнікі хакатона хочуць перарабіць сайт праекта, і коратка рэзюмавала:

Ды гэта ж здзяйсненне мары.
 

Нават сэрца адпачывае

— Мне баліць за людзей, якія маглі б жыць шчаслівае жыццё ў любой краіне, дзе выяўленне меркавання не караецца. Адна з задач рэжыму — зрабіць так, каб пра гэтых людзей забылі. Гэтага нельга дапусціць, кажа адна з удзельніц хакатона.

Калі з'явілася першая інфармацыя, што ў Imaguru будуць прыдумляць, як зрабіць дапамогу цікавейшай, ініцыятыву пачалі крытыкаваць. Маўляў, што гэта за пастаноўка пытання — быццам толькі гэтага палітвязням і не хапае. Але калі не рабіць выгляд, што чалавечы рэсурс бясконцы, то можна прызнаць: так, людзі стамляюцца дапамагаць. І гэта нармальна.

Нават сэрца адпачывае. Тры секунды працуе, а адну адпачывае, — кажа намесніца дырэктара Imaguru Насця Хамянкова.

І таму важна сабраць разам людзей, якія прыдумаюць, як не даваць эмпатыі скончыцца.

Трэба спрабаваць розныя фарматы, і хакатон — адзін з іх. Ён нічога не замяняе — але дае дадатковую энергію, дапамагае зараджацца новым крэатыўным ідэям.

Паглядзіце на грамадзянскія актыўнасці ў свеце: і для фандрайзінгу, і для мабілізацыі людзей выкарыстоўваюць вельмі розныя метады. І мы таксама павінны спрабаваць розныя фарматы.

Многія ініцыятывы скардзіліся, што ім не хапае талентаў, не хапае спецыялістаў — айцішнікаў, маркетолагаў. А ў нас яны ёсць, і на хакатоне яны могуць аб'яднацца.

Самой Насці хацелася б, каб айцішнікі прыдумалі спосаб, які дапамог бы мець зносіны з палітвязнямі, да якіх не даходзяць лісты. Еўрарадыё засумнявалася — а такую задачу наогул можна выканаць?

У нас заўсёды ёсць надзея, што мы хакнем сістэму — як рабілі гэта заўсёды. Няма ў стартапах слова "немагчыма". Немагчымае магчыма. Ну ўспомніце 2020-ы год: айцішнікі стварылі платформу "Голас". Нарэшце ў нас атрымалася даказаць усе гэтыя фальсіфікацыі. Так што вера ў нас ёсць: тэхналогіі мяняюць свет — і нам дапамогуць.
 

Надрукуй майку са сваім палітвязнем

Дзесяць праектаў, над якімі працавалі ўдзельнікі хакатона, ім прапанавалі самі арганізатары. Раней на Politzek.me працавалі ў асноўным валанцёры, таму назапасілася шмат праектаў, рэалізаваць якія вельмі хацелася — але не атрымлівалася.

Але аказалася, што ва ўдзельнікаў са старту хакатона з'явіліся і ўласныя ідэі. Напрыклад, многія прыйшлі на хакатон у фірменных майках Politzek.me з партрэтамі палітвязняў. Але ў рамках праекта выпусцілі майкі толькі з дзесяццю палітвязнямі — а іх у Беларусі на сёння 1459.

“Хакнуть систему”: зачем белорусы делают VR-тур по камере и калькулятор сроков
Хакатон у Imaguru / фота ад арганізатараў

Удзельнікі хакатона прапанавалі зрабіць рэсурс, на якім можна было б замовіць майку са "сваім" палітвязнем. Увогуле можна планаваць наступны хакатон.

Праўда, галоўная фраза, якая прагучала на хакатоне, — "лепш бы ўсе выйшлі і гэтыя ідэі аказаліся нікому не патрэбныя".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі