Кіраўнік МЗС РБ заявіў пра гатоўнасць да дыялогу з ЕС

У Бруселі і Мінску рознае бачанне будучыні дачыненняў ЕС і РБ

У Бруселі і Мінску рознае бачанне будучыні дачыненняў ЕС і РБ / sb.by

Кіраўнік МЗС РБ Сяргей Алейнік у панядзелак заявіў пра гатоўнасць да дыялогу з ЕС. Пры гэтым ён усклаў адказнасць за цяперашнюю сітуацыю на... Брусель.

"Мы адкрытыя да дыялогу, — гаварыў ён журналістам у Санкт-Пецярбургу пасля пасяджэння "вышэйшага дзяржсавета саюзнай дзяржавы". — Не адзін раз выступалі і гаварылі на гэтую тэму. Не мы былі ініцыятарамі разрыву дачыненняў, не мы былі ініцыятарамі нелегітымных эканамічных санкцый, якія былі ўведзеныя супраць нашых краін".

Як вядома, прычынай пагаршэння дачыненняў з Еўрасаюзам сталі фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020-м, рэпрэсіі, пасадка самалёта ў траўні 2021-га і міграцыйны крызіс. 

Еўрасаюз шмат разоў асуджаў рэпрэсіі ў Беларусі і патрабаваў вызвалення палітвязняў. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі не зрабіў крокаў насустрач: і рэпрэсіі працягваюцца, і палітвязні застаюцца за кратамі. Пры гэтым міністр замежных спраў РБ адзначае, што магчымасць дыялогу "шмат у чым... будзе залежаць ад Еўрасаюза — ад той лініі палітычнай і эканамічнай, якую яны будуць далей праводзіць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі