Кіраўнік Офіса АБСЕ: Я пачынаю працу з аптымізмам і верай у лепшае

Сёлета ўвесну Беларусь наведае старшыня АБСЕ, казахскі міністр замежных спраў Канат Саўдабаеў. Пра гэта на сустрэчы з журналістамі паведаміў новы кіраўнік мінскага Офіса АБСЕ Бенедыкт Халер. Таксама ён распавёў, што 15-16 сакавіка ў Мінску чакаюць дэлегацыі краін Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Тут пройдзе другая падрыхтоўчая канферэнцыя да Эканамічнага і экалагічнага форума АБСЕ.
Бенедыкт Халер: "У сакавіку ў Мінску  адбудзецца Падрыхтоўчая канферэнцыя да Эканамічнага і экалагічнага форума АБСЕ. Гэта важная падзея для Арганізацыі. Па-другое, мы чакаем візіту ў Мінск міністра замежных спраў Казахстана, які зараз старшынюе ў АБСЕ".
Правесці падрыхтоўчую канферэнцыю ў Мінску вырашылі і таму, што на сёння Эканамічны і экалагічны камітэт АБСЕ узначальвае Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры гэтай арганізацыі Аляксандр Сычоў.
Нагадаем, новы кіраўнік мінскага Офіса АБСЕ Бенедыкт Халер прыбыў у Беларусь толькі тыдзень таму. Цяпер ён актыўна вывучае ўмовы працы Офіса і сітуацыю ў нашай краіне.
Бенедыкт Халер: "Я мушу добра азнаёміцца з палітычным і сацыяльным ландшафтам у краіне. Лічу, мая першасная задача — пазнаёміцца з усімі, хто зацікаўлены ў працы нашага Офіса, з кім мы будзем працаваць. Мы дамаўляемся пра сустрэчы з прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта, Міністэрства замежных спраў, маем партнёраў у Міністэрстве ўнутраных спраў, Міністэрстве юстыцыі, сярод розных групаў грамадзянскай супольнасці. Супрацоўнікі Офіса дапамогуць мне вызначыць, з кім правесці першыя сустрэчы".
У канцы 2009 года беларускі бок пагадзіўся працягнуць дзейнасць Офіса АБСЕ, аднак з шэрагам абмежаванняў. Напрыклад, назіранне за выбарамі ў задачы Офіса не ўваходзіць. Але Бенедыкт Халер на абмежаваны мандат не наракае.
Бенедыкт Халер: "Я бачу шмат чаканняў адносна працы Офіса, і не заўсёды яны супадаюць. Мы мусім вызначыць, што рэальна зрабіць. Я спадзяюся быць карысным як мага большай колькасці людзей і інтарэсаў у Беларусі. Гэта цяжка, але ажыццявіма. Я пачынаю працу з аптымізмам і верай у лепшае".
Дзейнасць Офіса працягнецца ў сферах распрацоўкі праектаў аб альтэрнатыўнай энергіі, дапамогі пацярпелым ад Чарнобыльскай аварыі, рэформы сістэмы правасуддзя ў адносінах да падлеткаў і пенітэнцыярнай сістэмы.
Нагадаем, што гісторыя даволі напружаных адносін паміж Мінскам і АБСЕ пачалася пасля рэферэндума 1996 года, вынікі каторага Захад не прызнаў. Наступныя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары не былі прызнаныя назіральнікамі ад АБСЕ свабоднымі і справядлівымі. Дэлегацыя дэпутатаў беларускага парламента была ўключаная ў склад Парламенцкай Асамблеі АБСЕ толькі ў 2003 годзе.
Фота: OSCE/Franz Morgenbesser

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі