Кіраўніка "Уралкалія" перавялі з СІЗА КДБ пад хатні арышт
Уладзіслава Баўмгертнера трымаюць у Мінску ў падабранай для яго кватэры. Ён знаходзіцца пад кругласутачным назіраннем аператыўнікаў.
Пра тое, што кіраўніка "Уралкалія" перавялі пад хатні арышт, паведамляе РІА "Новости" са спасылкай на яго расійскага адваката Аляксея Басістава. Да Баўмгертнера дапусцілі яго маці, якая напярэдадні прыляцела ў Мінск у надзеі на спатканні з сынам у СІЗА КДБ.
Нагадаем, што расійскага бізнэсмэна затрымалі ў канцы жніўня пасля спынення супрацоўніцтва "Уралкалія" з "Беларуськаліем". Пазней беларускія ўлады абвясцілі ў міжнародны вышук саўладальніка кампаніі Сулеймана Керымава.
Верагодна, на лёс Баўмгертнера паўплывалі рашэнні ў кіраўніцтве Беларусі і Расіі. Сёння ў Беларусь прыбывае расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. А прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў выказаў намер абмеркаваць лёс расійскага бізнэсоўца з кіраўніком беларускага ўрада Міхаілам Мясніковічам.
Фота — kommersant.ru