Кіраўнікі тэатраў: дырэктар завода і адстаўны ваенны

Дырэктарам тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску прызначаюць былога высокага чыноўніка “Белшыны". На бабруйскім прадпрыемстве Аляксандр Старых займаў пасаду намесніка генеральнага дырэктара па сацыяльных і ідэалагічных справах. Навіна выклікала безліч з’едлівых каментарыяў у інтэрнэце.

“А чаму б і не? Спявачка таксама можа быць прыбіральшчыцай”, — пішуць абураныя чытачы. ““Драматычна”, “Цяпер у віцебскім драмтэатры будзем глядзець новую пастаноўку “Пакрышкін блюз”, — цытуюць байку Крылова “Шчука і кот” ды г.д.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, а як жа сам Аляксандр Старых ставіцца да такой звышрэзкай змены сферы дзейнасці.

“Ведаеце, я ўсе інтэрв’ю даю толькі падчас асабістай сустрэчы”, — адразае цяпер ужо дырэктар віцебскага драмтэатра.

Ніякія ўгаворы не дапамагаюць. На ўсе довады Аляксандр адказвае як робат. Вырашаем звярнуцца да мастацкага кіраўніка тэатра, які раней паралельна выконваў і функцыі дырэктара.

“Гэта гаспадарчая праца, — тлумачыць абавязкі дырэктара мастацкі кіраўнік Валерый Анісенка. — Пачынаючы з таго, каб мы зімой не змерзлі а летам не задыхнуліся. Дырэктар мусіць быць сапраўдным гаспадаром. Творчыя ж людзі, яны, так бы мовіць, з дымам, а трэба ж нешта есці і піць. Так што, тут вельмі вялікі аб’ём работы. Тое, што мог зрабіць за два з паловай гады, я зрабіў і цяпер вельмі хачу, каб мы паразумеліся з новым дырэктарам”.

Валерый Данілавіч дадае, што сам прасіў Міністэрства назначыць каго-небудзь на гэтую пасаду. Бо цяпер у тэатра складаная сітуацыя: адбываецца змена пакаленняў, трэба шмат працаваць з трупай і ставіць новыя спектаклі. Таму працы мусіць хапіць абодвум кіраўнікам.

У 2012-м годзе падобнае назначэнне адбылося ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры, толькі тады на пасаду дырэктара прыйшоў намеснік кіраўніка аператыўнага аддзела штаба Заходняга аператыўнага камандавання. Цікава, што з журналістамі палкоўнік у адстаўцы Ігар Гедзіч таксама размаўляе толькі “з вока на вока” і ніякіх тэлефонаў!

“Усё залежыць ад чалавека, — кажа галоўны рэжысёр Гродзенскага тэатра Генадзь Мушперт. — У нас у гэтым сэнсе праблем няма, поўнае паразуменне. Вось у мінскім Тэатры беларускай драматургіі паставілі кіраўніком супрацоўніка міністэрства культуры. То бок нібыта ён мусіць быць у вышэйшай ступені свой. Але па чутках праблем у іх хапае! Так што, законаў тут няма, ніхто не ведае, які чалавек больш пасуе на гэтую ролю”.

Свае густы і захапленні новы дырэктар Гродненскага драмтэатра не прасоўвае. Але часам бывае, што наракае на рэпертуар, калі ў ім ёсць не вельмі камерцыйна паспяховыя пастаноўкі. “Што абсалютна лагічна! І ў такія моманты нам даводзіцца спрачацца”, — дадае Генадзь Мушперт.

“Калі пры сур’ёзным мастацкім кіраўніку, то дырэктарам можа быць любы чалавек, — сваё бачанне сітуацыі выказвае рэжысёр па адукацыі Эдуард Герасімовіч, які кіруе сталічным драмтэатрам ім. М. Горкага з 1983 года. — Фінансавая дысцыпліна і падатковае заканадаўства для ўсіх аднолькавыя. Таму, на мой погляд, гэта ўвогуле не тэма для абмеркавання. Зразумець, які дырэктар, можна толькі праз 2-3 гады. А ўсе гэтыя “калі б” не маюць ніякага значэння”.

Вось толькі, мяркуючы па назве пасады на “БелШыне”, новы дырэктар Віцебскага драмтэатра ні да фінансаў, ні да падаткаў дачынення не меў.

Нагадаем, што ў 2005 — 2009 гадах міністрам культуры Рэспублікі Беларусь быў Уладзімір Мацвейчук, які заняў гэтую пасаду амаль адразу пасля шматгадовага досведу кадравіка і ідэолага “Полацк-Шкловалакно”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі