Кіроўца аўтобуса: Відэарэгістратар набыў пасля таго, як пазбавілі правоў
Кіроўца мінскага пасажырскага аўтобуса, які трапляў у 20 ДТЗ за год, на асабістым аўтамабілі апошні раз трапляў у аварыю ў 2003 годзе.
Еўрарадыё: Як ДАІ ставіцца да вашых ДТЗ?
Кіроўца: ДАІ, калі прыязджае, — а вы бачылі на відэа, збольшага аўтобус ззаду знаходзіўся ў момант аварыі — спачатку думаюць, што віна мая. Выслухоўваюць версіі абодвух бакоў. Але калі глядзяць відэарэгістратар, да мяне пытанні адпадаюць. Там бачна, чыя віна.
Еўрарадыё: А як аўтапарк ставіцца да аварый?
Кіроўца: Першым часам — адмоўна. Калі кіроўца аўтобуса тлумачыў, што ён не мог нічога зрабіць, таму што падрэзалі, а відэа ў яго няма, звычайна вінавацілі кіроўцу аўтобуса. А калі ён тармазіў і ў яго падалі ў салоне людзі і былі пацярпелыя — гэта таксама віна кіроўцы.
Еўрарадыё: У вас былі такія выпадкі падчас экстранага тармажэння?
Кіроўца: У мяне такіх выпадкаў было два. Адна жанчына пашкодзіла нагу, але я даказаў тады, што маёй віны не было ў тармажэнні. Хаця не было тады яшчэ відэарэгістратара, але пасажыры бачылі сітуацыю. Давялося выклікаць ДАІ і "хуткую" жанчыне.
Пасля, калі ўжо працаваў на 105-м МАЗе, я выязджаў на праспект Незалежнасці, мне загарэлася зялёнае, а па трэцім шэрагу з левага боку неслася машына. Не ведаючы дзеянняў гэтага кіроўцы — будзе ён ляцець на чырвонае ці не, я ўжыў дзеянні, каб унікнуць сутыкнення: рэзка сышоў ад гэтага магчымага сутыкнення, і жанчына звалілася ў салоне.
Еўрарадыё: І вы былі прызнаныя вінаватымі ў тым, што яна павалілася?
Кіроўца: Віна мая была, я яе прызнаў. З жанчынай пагаварылі, я выклікаў “хуткую” і ДАІ, усе свае абавязкі выканаў. Калі жанчына супакоілася, мы пагутарылі, яна мяне зразумела. З мяне проста ўзялі штраф 50 тысяч рублёў за наезд на перашкоду.
Калі я сыходзіў ад магчымага сутыкнення, кола прычэпу трапіла на бардзюр, таму жанчына і звалілася. Доўгі аўтобус, галаву выцягвае наперад, а прычэп заварочваецца. Жанчына папрасіла ДАІ не караць мяне. У яе разбіліся акуляры, я са сваёй кішэні кампенсаваў шкоду.
Еўрарадыё: А чаму вы вырашылі набыць рэгістратар?
Кіроўца: У мяне было некалькі ДТЗ, калі маёй віны не было. Падобныя да тых, што на відэа ў інтэрнэце. Я тлумачыў ДАІ, што маёй віны няма, і сведкі-пасажыры пацвярджалі. А ў выніку вінавацілі мяне! Людзі ў салоне не цярпелі, але біліся машыны. У мяне было пазбаўленне на паўгода. А рэгістратар дапамагае абараніцца.
У інтэрнэце пішуць, што купіў рэгістратар і б’е машыны. Дык няхай яны так не думаюць, што адмыслова б’еш. Рэгістратар толькі дапамагае даказаць невінаватасць. Але ён ніяк не дае права ствараць аварыйную сітуацыю, а пасля спецыяльна падстаўляць. Ні ў якім разе! Для мяне лепш працаваць і зарабляць, а не стаяць і чакаць ДАІ, гэта марнаванне часу.
Еўрарадыё: Але ў некаторых выпадках вы нічога не рабілі, каб прадухіліць ДТЗ?
Кіроўца: Гэта так здаецца, бо рэгістратар скажае. Я адмыслова купляў рэгістратар з большым вуглом захопу. Там ёсць ДТЗ на скрыжаванні Ціміразева і Машэрава, дзе джып з трэцяга шэрагу хацеў павярнуць направа. Гэта калі тры ДТЗ былі ў адзін дзень. Калі вы звярнулі ўвагу, то рэгістратар узяў проста ад аўтобуса з левага боку. З гэтай прычыны я браў рэгістратар з шырокім вуглом, ён піша, ёсць скажэнне, здаецца, што прадмет знаходзіцца далей, чым насамрэч. А тармажэнне я ўжываў. Іначай наступствы ўдару былі б большымі. У некаторых ДТЗ я сігналіў, каб кіроўца праехаў наперад і ў мяне было паўметра, каб я мог плаўна датармазіць.
Еўрарадыё: А чаму сігналілі толькі ў некаторых выпадках?
Кіроўца: Сітуацыі розныя. Не кожны адэкватна ўспрымае гукавы сігнал. Я за рулём блізу 25 гадоў. З майго досведу шмат якія кіроўцы, калі чуюць сігнал, але не бачаць, то яны адразу пачынаюць тармазіць.
Еўрарадыё: У вас было 20 аварый за год?
Кіроўца: Насамрэч крыху больш.
Еўрарадыё: Кожны дзень штосьці здараецца?
Кіроўца: Вядома. Штодня адбываецца вельмі шмат сітуацый. Са 100 адсоткаў кіроўцаў, можа, 5 адсоткаў выконваюць пункт 25. Я выкладаў два выпадкі, дзе машыны мяне не прапусцілі ад прыпынкавага пункту. У першым выпадку я прытармазіў, у другі раз было шмат дзяцей у салоне і тармазіць рэзка нельга было ні ў якім разе, а біць таксама нельга.
Дзе яшчэ можна, я падтарможваю і намагаюся тармазіць. Але ёсць розніца — падтарможваць і тармазіць. Калі ты націснуў на педаль і адпусціў, людзі хіснуліся і вярнуліся назад. Іншая рэч, калі ты тармозіш і педаль тормазу трымаеш і людзі наперад пайшлі.
Еўрарадыё: Калі вы сутыкаецеся, няўжо людзі не ляцяць па салоне?
Кіроўца: Не. Таму што калі першапачаткова ідзе плаўнае тармажэнне, то людзі заўважаюць, што аўтобус пачынае тармазіць, і мацней трымаюцца за поручні. Наогул варта было б больш забяспечыць першую паласу для грамадскага транспарту. Калі дзве паласы ў адным кірунку, то першая паласа заўжды занятая. Паводле правілаў, калі мы ад’язджаем ад прыпынкавага пункту, мы абавязаны звяртаць увагу на правую лінзу. Раней кіроўца мусіў пераканацца ў тым, што яго прапускаюць, а потым гэта “пераканацца” адмянілі. Было шмат выпадкаў, калі кіроўца глядзеў у левую лінзу, а хтосьці на прыпынку альбо п’яны, альбо чалавек бег і не паспяваў спыніцца, і валіўся пад аўтобус.
Еўрарадыё: Цяпер кіроўца павінен глядзець і справа і злева?
Кіроўца: Я калі выязджаю з прыпынкавага пункту, зачыняю дзверы і ўключаю паварот. Дзверы зачыніліся. Я гляджу, каб нікога не прыціснула. Пасля гляджу ў левую лінзу, каб не было побач машын. У мяне ўключаны паварот пры гэтым, калі я бачу, што дыстанцыя дазваляе — а згодна з пунктам 125 Правіл, кіроўцы транспартных сродкаў абавязаны саступаць дарогу грамадскаму транспарту, што ад’язджае ад прыпынкавага пункту ў першую паласу руху ў населеным пункце — я пачынаю рух. Але асноўная ўвага ў мяне на правую лінзу, каб пазбегнуць наезду на пасажыра. Былі такія выпадкі, што пад колы траплялі людзі, але праз тое, што ў мяне ўвага на правы бок, я гэты момант лавіў і заўсёды спыняўся.
Еўрарадыё: У вашых калег па аўтапарку столькі ж ДТЗ?
Кіроўца: Менш. У чалавека ёсць інстынкт самазахавання. У кіроўцы падчас надзвычайных сітуацый спрацоўвае інстынкт самазахавання, яны пачынаюць тармазіць, што ў прынцыпе ў нашай працы забаронена.
Еўрарадыё: Ёсць такая інструкцыя?
Кіроўца: Так. І ў Правілах прапісаны пункт 9.7 — кіроўца абавязаны забяспечыць бяспеку пасажыраў падчас перавозкі. Калі яны тармозяць, калі мякка, то пашанцавала. А калі хтосьці зваліўся? А пасля яны прыязджаюць на дыспетчарскую і пачынаюць казаць, што вось трэба было не тармазіць! Мяне падрэзалі, я тармазнуў, у мяне там хтосьці ўдарыўся, але я выбачаўся, тлумачыў, што не мая віна…
Еўрарадыё: Дык у вас няма інстынкту?
Кіроўца: У мяне інстынкт ёсць, але тады, калі я еду на асабістым аўтамабілі. А калі вязу людзей, у мяне спрацоўвае інстынкт захавання пасажыраў за спінай. Я выбіраў сабе працу, выдатна разумеючы, што калі штосьці адбудзецца, то ў першую чаргу пацярплю я. Лепш я, чым людзі, якія не вінаватыя ў такіх сітуацыях, нават калі яны не заплацілі за праезд.
Еўрарадыё: А на сваім аўтамабілі ў вас часта аварыі? І хто быў вінаваты?
Кіроўца: Апошняя была ў 2003 годзе. На скрыжаванні я ехаў па галоўнай дарозе, а справа машына ляцела на чырвонае. Я мог бы забіць гэтага кіроўцу, але я выкруціў машыну так, каб смяротнага выніку не было. Паводле разлікаў перад маёй машыны ішоў роўна ў дзверы кіроўцы. У мяне быў Passat-універсал, а там Fiat Tipo, розная вага. Я калі бачыў, што іду яму ў дзверы, давялося выкручваць, і ўдар адбыўся, але без смяротнага выніку.
Еўрарадыё: Людзі пішуць, што вы мсцівец на дарозе, караеце кіроўцаў-парушальнікаў…
Кіроўца: Гэта лухта поўная. Я нікога не караю. Калі б я караў, то я быў бы пагрозай у горадзе. Як я магу помсціць? Я з гэтай нагоды даў адказ на YouTube. (Выклаў падборку з ДТЗ, якія ўдалося пазбегнуць)