Кіроўцы пінскіх аўтобусаў паехалі на заробкі ў Сочы
Пра гэта паведамляе газета “Пінскі веснік”.
Нядаўна ў расійскі горад з’ехала працаваць група пінчукоў, у склад якой уваходзяць упаўнаважаны прадстаўнік мясцовага “Аўтобуснага парку №3” і 10 кіроўцаў аўтапарку са стажам працы большым за пяць гадоў. Гэты сваеасаблівы працоўны атрад будзе займацца транспартным абслугоўваннем зімовых Алімпійскіх гульняў.
Паводле інфармацыі выдання, расійскі бок дамовіўся з беларускім кіраўніцтвам на працаўладкаванне ў алімпійскі Сочы 350 кіроўцаў з нашай краіны.
Па словах пінчукоў, ім прапанавалі заробак — каля 35 тысяч расійскіх рублёў (больш за тысячу долараў), пражыванне і сацыяльны пакет. Працаваць трэба з 10 студзеня да 30 сакавіка. Між іншым у пінскім гарадскім транспарце пастаянна гучаць абвесткі аб недахопе кіроўцаў аўтобусаў, і аўтобусны парк нават ладзіць адмысловае навучанне для кандыдатаў на працаўладкаванне.