Кізім: беспілотнікі кшталту збітага ёсць на ўзбраенні толькі Беларусі і Расіі
Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім пракаментаваў сітуацыю з нібыта збітым у Беларусі ўкраінскім беспілотнікам і выклікам у МЗС.
Дыпламат кажа, што 24 студзеня (гэты дзень называе беларускі бок) украінскія Узброеныя сілы не выкарыстоўвалі дроны ва ўказаным раёне. "Тым больш, наколькі вядома, гаворка ідзе пра беспілотнікі "Арлан", якія ёсць толькі на ўзбраенні Расіі і Беларусі", — дадае ён.
Кізім здзіўлены, што яго выклікалі ў МЗС, хаця для ўрэгулявання такіх інцыдэнтаў дзейнічае двухбаковае пагадненне паміж памежнымі ведамствамі Беларусі і Украіны. "Навошта трэба было ігнараваць гэтае пагадненне, выклікаць амбасадара і выносіць усё гэта на публіку?" — задаецца ён пытаннем.
Таксама амбасадар называе загадзя спланаванай правакацыяй здарэнне ў будынку МЗС, куды яго сёння выклікалі. "Не паспеў я выйсці з ліфта ў МЗС Беларусі, як на мяне наляцела беларуская карэспандэнтка дзяржканала БТ 1 (пазней я даведаўся, што клічуць яе Ксенія) і стала настойліва пытацца, ці не шпіянаж гэта. Тое, што яна з'явілася ў МЗС і загадзя ведала пытанні, пра якія мы гаварылі з беларускімі калегамі, само па сабе ўжо незвычайна і не робіць гонару дыпламатычнаму ведамству", — падкрэслівае Кізім.
Па яго словах, тое ж самае адбывалася і ў калідорах Міністэрства абароны, куды сёння выклікалі памочніка ваеннага аташэ Украіны. Яго таксама чакаў карэспандэнт з тэлеканала "Беларусь 1" з тым жа пытаннем.
На думку ўкраінскага дыпламата, гэтыя дзеянні звязаныя з тым, што акурат сёння адбылася сустрэча новага амбасадара Расіі ў Беларусі Барыса Грызлова з Аляксандрам Лукашэнкам. І беларускія ўлады нібыта спрабавалі паказаць яму пагрозу з боку Украіны: "Трэба ж чымсьці апраўдаць "пагрозу з поўдня", а яшчэ і дапамогі папрасіць нейкай. Толькі навошта гуляць так груба, па-салдафонску? Бо да пытанняў бяспекі на мяжы гэта ніякага дачынення не мае".
Як паведамлялася раней, сёння МЗС і Мінабароны заявілі, што 24 студзеня пад Брэстам збілі ўкраінскі беспілотнік-шпіён. У МЗС з гэтай нагоды быў выкліканы ўкраінскі амбасадар, якому перадалі рашучы пратэст.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.