Клім Халецкі: За рэпартаж заплаціў разбітым тварам!

Днямі ў 34mag.net з’явіўся артыкул пра хлопцаў, якія зладзілі ў беларускай сталіцы свой “файт-клаб”, па ўзоры і падабенстве славутага “Байцоўскага клуба” з кнігі Чака Паланіка. Еўрарадыё звязалася з аўтарам гэтага матэрыяла, журналістам Клімам Халецкім, і распытала пра ўражанні ад наведвання гэтага “Байцоўскага клуба”.

Еўрарадыё: Як ты ўвогуле знайшоў гэты “Байцоўскі клуб”?

Клім Халецкі: Мне мая сяброўка сказала, што ў яе ёсць знаёмыя футбольныя фанаты, якія ходзяць ходзяць на станцыю метро “Магілёўская” штонядзелю, каб там лупіць адно аднаго па тварах. І я падумаў, што можна зрабіць з гэтага цікавы рэпартаж.

Еўрарадыё: Але, наколькі я памятаю правілы “Байцоўскага клуба”, назіральнікаў там не бывае. Не страшна было ўдзельнічаць?

Клім Халецкі: Не, не было страшна. Гэта групоўка мае сваю філасофію: пачатковец мусіць прыняць бой. Ва ўсіх дзеяннях гэтай тусоўкі адчуваецца нябачная прысутнасць Паланіка і Фінчара… За тым выключэннем, што яны не ставяць ніякіх палітычных мэтаў, і не ставяць за мэту самаразбурэнне. Яны займаюцца гэтым, бо лічаць, што такім чынам можна пераадолець свае страхі, комплексы, няўпэўненасць. Каб пазней у любых абставінах можна было з пэўнасцю глядзець у вочы праціўніку, які хоча цябе пакрыўдзіць.

Еўрарадыё: І як, пасля наведвання гэтых трэнінгаў ці атрымалася ў цябе адчуць, як з цябе сыходзіць страх?

Клім Халецкі: У мяне ўдала атрымалася два разы атрымаць у твар каленам. А страха ў мяне і не было. Мяне больш займала пытанне пра тое, як напісаць добры рэпартаж. Але хлопцам, асабліва тым, якія туды прыходзяць рэгулярна, гэтая забава, натуральна, падабаецца. І страх свой яны з сябе выціскаюць.

Еўрарадыё: А ваша рэдакцыя неяк кампенсавала вам такую ахвярнасць — тое, што вы заплацілі за матэрыял разбітым тварам?

Клім Халецкі: Паабяцалі мне заплаціць падвойны ганарар за пралітую кроў.

Еўрарадыё: Вось нас яшчэ здзіўляе, як гэта не толькі ты, але і мы ўсе даведаліся пра гэты “Байцоўскі клуб”? Бо калі прыгадаць яго класічныя правілы, першае з іх — нікому не казаць пра “Байцоўскі клуб”!

Клім Халецкі: Насамрэч, кожнаму хочацца праславіцца. Усё ў гэтым свеце вельмі проста. Хочацца стаць славутым, вядомым і каб былі прыгожыя здымкі. Вось і ідуць людзі ў “Байцоўскі клуб”, каб праславіцца і раней ці пазней трапіць у эфір Еўрарадыё!

Еўрарадыё: У фільме “Байцоўскі клуб” баі выглядаюць занадта брутальна, і нават пужаюць жорсткасцю. Ці ёсць у тым клубе, дзе вы былі, нейкая мяжа, за якую падчас бойкі нельга пераходзіць? Або там б'юцца, пакуль не пальецца струменем кроў?

Клім Халецкі: Ну вядома, што бьюцца там да крыві, іначай навошта? Са сродкаў абароны там дазволеныя толькі капа на зубы і баксёрскія бінты на кулакі і стопы. Ні шлёмаў, ні баксёрскіх пальчатак там няма. Безумоўна, што ёсць пэўныя правілы: не выціскаць вочы, не біць у пахавіну і г.д. Гэта тыя правілы, якія не дазваляюць перакрочаць мяжу, за якой можа быць болевы шок. А так розныя рэчы здараюцца: ламаюць рукі, насы, вусны разбіваюць, выбіваюць зубы. Гэта значыць, досыць жорстка ўсё адбываецца. Але калі ты пачатковец, ты можаш даць сігнал, сказаць хопіць і тады бой заканчваецца. З іншага боку, калі хочаш даведацца да якой мяжы ты можаш дайсці, выпрабаваць сябе тады калі ласка, гэта твая справа. І тады могуць нават паламаць цябе.

Еўрарадыё: Ці не збіраецеся яшчэ раз паспрабаваць сябе, атрымаць дозу адрэналіна, які даюць такія баі, яшчэ раз праверыць сябе?

Клім Халецкі: На рынгу пад час бою я першы сказаў хопіць. І хаця філасофія такіх клубаў гаворыць, што на гэтым квадраціку не можа быць тых, хто прайграў, бо кожны змагаецца ў першую чаргу з сабою, мяне трохі душыць мая мужчынская годнасць, мая маскуліннасць. І, натуральна, я хацеў бы вярнуцца, каб узяць рэванш.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі