Колькасць беларусаў з відам на жыхарства ў Літве за год павялічылася на траціну
Вільня
Колькасць беларусаў з дазволам на пражыванне ў Літве за апошні год павялічылася амаль на траціну. На канец сакавіка ў Літве пражывала амаль 63 тысячы беларусаў, якія маюць від на жыхарства. Гэта амаль на 29% больш, чым было на 1 студзеня 2023 года.
Аднак у апошнія месяцы рост колькасці беларусаў запаволіўся. "Гэта звязана з узмацненнем праверак, якія мы ладзім, і з тым, што працадаўцы пераарыентуюцца на іншыя краіны", — кажа дырэктарка літоўскага Дэпартамента міграцыі Эвеліна Гудзінскайтэ. Яе словы прыводзіць BNS. Беларусы займаюць другое месца сярод замежнікаў, якія маюць від на жыхарства ў Літве. Больш дазволаў на пражыванне толькі ва ўкраінцаў — каля 74 тысяч. Але колькасць украінцаў скарачаецца. У пачатку года ў Літве пражывала больш за 86 тысяч грамадзян Украіны.
Затое імкліва расце колькасць грамадзян Узбекістана і Кыргызстана. Гудзінскайтэ адзначае, што гэта звязана з тым, што літоўскія кампаніі цяпер шукаюць патэнцыйных працаўнікоў у краінах Сярэдняй Азіі і Індыі. У выніку колькасць грамадзян Узбекістана за год вырасла ў 5 разоў — з 1,8 тысячы да 9,7 тысяч чалавек. Прадстаўніца Дэпартамэнту міграцыі адзначыла, што большасць тых, хто прыяжджае з Сярэдняй Азіі, — гэта нізкакваліфікаваныя рабочыя. Яны працуюць у Літве кіроўцамі і будаўнікамі. Высокакваліфікаваных замежнікаў у Літве цяпер больш за 6 тысяч. Часцей за ўсё гэта грамадзяне Беларусі і Расіі, яны працуюць у IT-галіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.