У Літве збіраюць подпісы пад просьбай змякчыць абмежаванні для беларусаў

Вільнюс

Вільнюс / pixabay.com

Ініцыятыўная група грамадзян збірае ў Літве подпісы пад петыцыяй з просьбай змякчыць дзеянне закона аб устанаўленні абмежавальных мер у дачыненні да беларусаў і расіян. Подпісы збіраюць "замежнікі, якія пражываюць у Літве, а таксама грамадзяне Літоўскай Рэспублікі, якія ім спачуваюць", піша агенцтва Delfi. Яны звяртаюцца да Сейма краіны з прапановай перагледзець нормы закона. Нагадаем, гэтыя абмежаванні былі ўведзеныя ў сувязі з ваеннай агрэсіяй Расіі супраць Украіны (улады Беларусі агрэсію падтрымалі). Цяпер да разгляду рыхтуецца новы закон.

Аўтары петыцыі нагадваюць, што ў Літве шмат змешаных сем'яў. І гэтыя сем'і зараз сутыкаюцца з праблемамі.

"Мы разумеем важнасць нацыянальнай бяспекі Літоўскай Рэспублікі ў перыяд дзеянняў суседа-агрэсара. Мы поўнасцю падтрымліваем палітыку Літвы і падзяляем яе нацыянальныя інтарэсы. У той жа час мы спадзяемся быць пачутымі па пытаннях і праблемах, з якімі сутыкаюцца замежнікі, якія пражываюць у Літве больш за год, змешаныя сем'і, у якіх адзін з мужа і жонкі — літовец, а другі — іншаземец",гаворыцца ў тэксце петыцыі.

Аўтары звароту прапануюць унесці ў закон шэраг паслабленняў. У прыватнасці, прадаставіць магчымасць атрымліваць візы беларусам і расіянам для наведвання сваякоў-жыхароў Літвы, у тым ліку неграмадзян — тых, у каго ёсць часовы або пастаянны від на жыхарства. Яны таксама просяць дазволіць расіянам, якія знаходзяцца ў Літве па шэнгенскай візе, хадайнічаць аб атрыманні віду на жыхарства, а тым, у каго ёсць від на жыхарства — набываць нерухомасць. Сярод іншых прапаноў — не ўводзіць забарону на ўезд грамадзян Беларусі ў Літву і не ўраўноўваць іх з расіянамі. Аўтары петыцыі таксама просяць удакладніць нормы закону, якія абмяжоўваюць уезд беларусаў і расіян на тэрыторыю Літвы. На раніцу пятніцы пад зваротам падпісаліся 279 чалавек.

Нагадаем, у лютым Сейм Літвы адклаў прыняцце закона аб падаўжэнні абмежаванняў для беларусаў і расіян. Дакумент павінны разгледзець на вясенняй сесіі. У новым законапраекце, які прапанаваў МЗС і ўхваліў урад, прапануецца прадоўжыць абмежаванні для беларусаў і расіян на год — да 2 мая 2025 года. Пры гэтым беларусаў пры ўездзе ў Літву па шэнгенскіх візах прапануюць падвяргаць дадатковай праверцы і ацэнцы. Для расіян такі парадак уезду дзейнічае з мінулага гады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі