Колькасць шпіталізаваных "ахвяраў бруднай вады" ў Бешанковічах — ужо 29 чалавек
У выніку спажывання бруднай вады ў Бешанковічах былі шпіталізаваныя 29 чалавек. 25 з іх ужо выпісаныя. Па стане на 6 красавіка ў стацыянары Бешанковіцкай цэнтральнай раённай бальніцы заставаліся чатыры дзіцяці, іх стан здавальняючы, піша раённая газета "Зара".
Раней паведамлялася, што шпіталізаваныя былі 25 чалавек — 20 дзяцей і пяцёра дарослых.
5 красавіка былі праведзеныя паўторныя работы па дэзінфекцыі водаправодных сетак у школе №1 і дзіцячым садку №6. Санслужба працягвае маніторынг якасці вады. Як заявіла галоўны санітарны лекар раёна Ніна Карпушэнка, вірусаў у вадзе не выяўлена, яна адпавядае патрабаванням па мікрабіялагічных паказчыках.
Медыкі выявілі ў захварэлых наравірусную інфекцыю. Паколькі цяпер у вадзе яе няма, то распаўсюд інфекцыі, на іх думку, адбываецца кантактна-бытавым і паветрана-кропельным шляхамі.
Аварыя ў вадаправодных сетках Бешанковічаў адбылася ў ноч з 29 на 30 сакавіка, была часова спыненая станцыя абезжалезвання вады. Праверкай інцыдэнта заняўся Следчы камітэт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.