Колькі сапраўды мусілі выплаціць Антону Сурапіну за месяц у СІЗА КДБ

Колькі сапраўды мусілі выплаціць Антону Сурапіну за месяц у СІЗА КДБ

Антон Сурапін у 2012 годзе месяц правёў у СІЗА КДБ і адсудзіў за гэта маральную кампенсацыю ў 8 мільёнаў. Журналіста затрымалі пасля "плюшавага дэсанту": ён першым апублікаваў здымак мядзведзікаў з лозунгамі, якіх шведы раскідалі з самалёта на тэрыторыі Беларусі.

Антона Сурапіна і рыелтара Сяргея Башарымава (ён здаў шведам кватэру ў Мінску) затрымалі па падазрэнні ў дапамозе шведам нелегальна трапіць у Беларусь.

Праз амаль чатыры гады суд прыняў рашэнне выплаціць Антону Сурапіну шкоду.

"Два гады я спрабаваў дамагчыся, каб КДБ вынесла пастанову, што я маю права на кампенсацыю маральнай шкоды. КДБ не вынес такую пастанову. Калі я вярнуўся з войска, мы з юрыстам вырашылі падаваць дакументы ў суд - да Міністэрства фінансаў", ― распавядае Антон.

Сурапін падаваў пазоў на 190 мільёнаў рублёў. Суд вырашыў кампенсаваць толькі 8 мільёнаў, нягледзячы на заключэнне псіхолага. Такое заключэнне рабілася ва Украіне. А сума ў 190 мільёнаў  ― гэта кошт паслуг псіхолага, адпачынак ці курортнае лячэнне, каб пераадолець наступствы перажытага стрэсу.

"Спецыяліст з табой размаўляе, пасля робіць высновы. Вельмі моцная стрэсавая сітуацыя, напрыклад. Патрэбны курс псіхакарэкцыі, санаторна-курортнае лячэнне. Але суд можа прыняць да ведама такую экспертызу, а можа і не прыняць", ― тлумачыць Антон Сурапін.

"Заключэнне псіхолага мы прадстаўлялі ў гарадскім судзе, але калегія яе ніяк не аналізавала і не ўзгадвала ў сваім заключэнні", ― апісвае юрыст Алег Агееў, ён дапамагаў Сурапіну.

На яго думку, у Беларусі наогул адсутнічаюць інстанцыі, якія могуць рабіць такую экспертызу.

Суд мусіць звярнуць увагу на страты чалавека, калі яму прызначаюць матэрыяльную кампенсацыю. Пра гэта гаворыць юрыст Гары Паганяйла:

"Калі чалавек прызнаны невінаватым, тады яму кампенсуюцца прамыя страты, у тым аб'ёме, у якім яны былі. Напрыклад, згубіў заробак. Кампенсацыя маральнай шкоды залежыць ад часу незаконнага пазбаўлення свабоды, ад фізічных стратаў чалавека. Напрыклад, захварэў ці атрымаў траўму. Але суды не вельмі хочуць выплачваць такія кампенсацыі, тым больш у вялікіх памерах".

Юрыст раіць звяртацца ў вышэйшыя судовыя інстанцыі, тады суму кампенсацыі можна павялічыць. А выпадкі, калі прымаецца рашэнне пра кампенсацыю, называе рэдкімі.

Колькі сапраўды мусілі выплаціць Антону Сурапіну за месяц у СІЗА КДБ

Арганізатары "плюшавага дэсанту": Сурапін не мае адносінаў да акцыі​

Прадстаўнікі шведскай піяр-кампаніі Studio Total заяўляюць пра недатычнасць да іх акцыі беларускага фатографа Антона Сурапіна, затрыманага КДБ.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі